Чаму працягваюць следства паводле справы «шпіёна» Гайдукова?


Следства паводле справы «шпіёна» Андрэя Гайдукова працягнулі яшчэ на месяц. Нагадаем, што Гайдукова затрымалі 8 лістапада 2012 года паводле артыкулу 356 Крымінальнага кодэксу РБ «Здрада дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці».

Пачынаючы з лістапада, следчыя кожны раз пераносяць тэрмін слухання справы Гайдукова. Нічога не ведаюць блізкія і сваякі Андрэя, з якімі праз падпіску аб невыдаванні матэрыялаў справы нельга дзяліцца ніякаю інфармацыяй.

Апошні ліст ад сына маці Гайдукова атрымала 11 сакавіка. «Там усё побытавае: што перадаць і што здароўе нармальнае. Але мне радасна, што даходзяць хоць гэтыя некалькі радкоў. Следства цягнецца ўжо пяты месяц, а яснасці ніякай. Нават зразумець немагчыма, у чым Андрэя вінавацяць: з усіх дапытаных і з адваката ўзялі падпіску аб неразгалошванні таямніцы следства. А ў гэтай справе – усё таямніца! » – цытуюць словы маці Гайдукова праваабаронцы «Вясны».

Артыкул, паводле якога затрымалі маладога актывіста, адносіцца да цяжкіх злачынстваў, таму следства можа працягнуцца яшчэ год. Аднак гэта правамерна толькі ў выпадку, калі віну Гайдукова дакажуць.

Праваабаронца Гары Паганяйла пракаментаваў сітуацыю гэтак: на сённяшні момант у нас няма ніякіх доказаў таго, што правы Андрэя Гайдукова парушылі. Наконт таго, наколькі абгрунтаванае высунутае абвінавачванне, можа даць адказ толькі адвакат падазронага. Які, як мы заўважылі раней, падпісаў дакументы аб неразгалошванні матэрыялаў паводле справе.

Блізкія Гайдукова запэўніваюць, што малады чалавек не мог ведаць нейкіх дзяржаўных сакрэтаў, таму ён проста не мог займацца шпіянажам на карысць іншай дзяржавы.

Дзіяна Шыцік, АК, belsat.eu

Стужка навінаў