Візіт сербскага прэзідэнта ў Менск. (дадаліся каментары)


Прыляцеўшы з візітам у Беларусь, прэзідэнт Сербіі Томіслаў Ныкалыч (Томислав Николић) парушыў санкцыі, накладзеныя на афіцыйны Менск краінамі Еўразвязу, да якіх далучылася і ягоная краіна. Аднак аналітыкі скептычна глядзяць на тое, што сербскі прэзідэнт «ламае блакаду» дзеля дыялогу Захаду і Менску.

{movie}Сяргей Богдан у “Гарачым каментары”|right|9640{/movie}

Сербія паміж ЕЗ і Расеяй

У Менск прэзідэнт Сербіі прыбыў уначы на 12 сакавіка, яго сустракаў міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей. У першы дзень афіцыйнага візіту адбылася сустрэча Томіслава Ныкалыча і Аляксандра Лукашэнкі.

Беларускі і сербскі бок маюць падпісаць пагадненне аб барацьбе з арганізаванаю злачыннасцю і мемарандум аб супрацы ў галіне медыяў і выдавецтва. Удзел найвышэйшых асобаў у падпісанні гэтых дакументаў неабавязковы. Паводле палітолага Паўла Усава, Ныкалыч цяпер актыўна разбудоўвае «усходні вектар» сваёй палітыкі ды стасункі з Беларуссю – адзін з яе элементаў.

Падчас сустрэчы з Лукашэнкам прэзідэнт Сербіі назваў Беларусь «найважнейшым сябрам». «Але асноўны хаўруснік для Сербіі пад кіраўніцтвам Ныкалыча – Расея. Першы візіт Ныкалыча ў якасці прэзідэнта быў менавіта ў Маскву, – канстатуе палітолаг. – Адначасова з гэтым сербскі бок не разглядае Беларусь як самастойную краіну, а хутчэй як краіну-сатэліт Расеі».

Паводле палітолага Аляксандра Класкоўскага, для афіцыйнага Менску візіт Ныкалыча важны як PR-падзея. «Наўрад ці будуць нейкія прарыўныя пагадненні», – мяркуе адмыслоўца.

На думку аналітыка, спроба Захаду навязаць праз Ныкалыча кантакт з Менскам магчымая але «малаверагодная». «Сербія сама «адною нагою» ў Еўразвязе, яна «завісла», і ў краіне вельмі шмат праблемаў. Не тая сітуацыя, каб выступаць у якасці «чалночнага дыпламата», – падкрэслівае палітолаг.

Беларуска-сербскія прагалы

Аляксандр Лукашэнка і Слабадан Мілошавіч, архіўнае фотаАляксандр Лукашэнка і Слабадан Мілошавіч, архіўнае фотаАфіцыйны Менск на чале з Лукашэнкам да апошняга падтрымліваў сербскага дыктатара Слабадана Мілошавіча. Натуральна, што пасля зрынання рэжыму як эканамічныя, гэтак і палітычныя стасункі паміж дзвюма краінамі прыйшлі ў заняпад. «Гэта хібная парадыгма афіцыйнага Менску – трымацца да апошняга за дыктатараў: так было і з Хусэйнам, і з Кадафі», – зазначае палітолаг Аляксандр Класкоўскі.

Адначасова з гэтым Беларусь не стала прызнаваць незалежнасці Косава, што і дагэтуль – прынцыповая пазіцыя Белграду. Аднак Менск гэтак дзейнічаў, хутчэй, паводле прыкладу Масквы.

«Пасля змены ўлады, і Лукашэнка гэта сёння прызнаў, быў пэўны прагал у двухбаковых узаемадачыненнях. Магчыма, і Менск, і Белград хочуць яго ліквідаваць ды стварыць элементарную базу дзеля таго, каб пакрысе развіваць эканамічныя стасункі, – зазначае Аляксандр Класкоўскі. – У Cербію могуць пайсці тыя ж беларускія трактары ды іншая прадукцыя».

М.Л., belsat.eu

Стужка навінаў