Урад Беларусі страціў фінансавую самастойнасць


Без дазволу Нацыянальнага банку Савет Міністраў больш не зможа выносіць на разгляд грашовых пытанняў. Нават замежныя камандзіроўкі прэм’ер-міністра будуць адбывацца толькі са згоды старшыні Нацбанку. Чым выкліканая такая фінансавая дысцыпліна, і які ўплыў гэта акажа на эканоміку краіны?

На мінулым тыдні ўрад ужо страшылі: калі валавы ўнутраны прадукт сёлета не павялічыць тэмпаў свайго росту…

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, ПРЭЗІДЭНТ БЕЛАРУСІ:

“Паўтарэнне мінулага года будзе азначаць тэрміновую адстаўку ўраду”.

А пачатак года ўжо сігналізуе аб правале ўрадавых планаў. Закладзены экспарт тавараў, рост прамысловай вытворчасці ды інвестыцыі ў асноўны капітал, як кажуць, заваленыя на старце. І пакуль прадстаўнікоў Савету Міністраў не пазбаўляюць фатэляў, аднак скарачаюць паўнамоцтвы.

{movie}Урад не свабодны (11.03.2013)|right|9629{/movie}

АЛЯКСАНДР СІНКЕВІЧ, ЭКАНАМІСТ:

“Ва ўладаў Беларусі ўзніклі падазрэнні, што ў гэтым годзе не ўдасца ўтрымаць курсу беларускага рубля ды паказчыкаў макраэканамічнай стабільнасці, перадусім інфляцыі. Таму права на больш жорсткія захады перадаецца Нацыянальнаму банку”.

Усе праекты пастановаў, датычныя крэдытавання, дзяржаўнага падтрымання, выдавання гарантыяў ці кампенсацыі адсоткаў для карыстання крэдытам урад мусіць папярэдне ўзгадняць з Нацбанкам. Адмыслоўцы згодныя: гэта не выгадна ўрадоўцам і не сустракалася ў сусветнай практыцы. Аднак гэткі крок ва ўнікальнай беларускай сітуацыі можа нават… паспрыяць прыватнікам.

СЯРГЕЙ ЧАЛЫ, ФІНАНСАВЫ АНАЛІТЫК:

“Да гэтай пастановы атрымлівалася, што абсалютна розныя ўмовы былі для прадпрыемстваў дзяржаўнага сектару, якія ўдзельнічаюць у дзяржпраграмах, або ў праграмах мадэрнізацыі, – і для ўсяго астатняга прыватнага сектару. Нашмат лепшыя ўмовы для першых, і не выгадныя для другіх. І гэты крок можа зраўняць ўмовы, зрабіць іх адзінымі ды агульнымі для ўсіх”.

Для саміх чальцоў Савету Міністраў балючым пытаннем стануць нават… замежныя камандзіраванні. Прэм’ер-міністр згодна з новым рэгламентам не зможа самастойна прызначыць фінансавання для ўласных паездак або дэлегаваць некуды падначаленых. І Нацбанк згодна з прагнозамі адмыслоўцаў з атрыманых паўнамоцтваў скарыстаецца напоўніцу.

ВАЛЕР КАРБАЛЕВІЧ, ПАЛІТОЛАГ:

“Нацыянальны банк не толькі атрымае права абмяжоўваць нейкія дзяржпраграмы, але і будзе гэтым правам карыстацца. Апетыты дзяржаўных прадпрыемстваў, міністэрстваў, ведамстваў і ўраду перавышаюць магчымасці, якія ёсць у эканоміцы. Каб гэтыя магчымасці задаволіць, трэба друкаваць новыя грошы”.

Друкаванне ж новых купюраў непазбежна прывяло б да росту інфляцыі ды, як вынік, чарговых дэвальвацыяў. А таму новы рэгламент – спроба знайсці чарговы лек на неспатольны чыноўніцкі апетыт. Аднак тэрапія абраная традыцыйная – узмацненне кантролю і канцэнтрацыя ўлады.

Адэля Дубавец, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў