За помнік Каліноўскаму ў Менску пакуль сабралі 200 подпісаў


Збор мае працягнуцца да лета. Сабраныя подпісы разам з адпаведным зваротам перададуць у Менгарвыканкам, Савет дэпутатаў, а таксама ў Міністэрства культуры. Пра ініцыятыву ўсталявання ў беларускай сталіцы помніку аднаму з лідараў паўстання 1863–1864 гадоў распавядае ў «Гарачым каментары» ініцыятар кампаніі – Алег Корбан.

{movie}”Гарачы каментар”: Помнік Кастусю Каліноўскаму |right|9627{/movie}

Паводле моладзевай арганізацыі «Альтэрнатыва», усталяваць помнік Кастусю Каліноўскаму прапаноўваецца недалёка ад Усіхсвяцкай царквы, у скверы, на перасячэнні праспекту Незалежнасці з вуліцаю Каліноўскага. Ініцыятар кампаніі лічыць гэта месца сімвалічным, бо побач – Усходнія могілкі, дзе пахаваныя шмат хто з прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі, і дзе ў 1988 годзе пачыналіся Дзяды, якія сталіся знакам ўваскрашэння беларушчыны.

Актывіст зазначыў, што хоць за першы месяц кампаніі сабралі ўсяго 200 подпісаў, плануецца набраць каля 10 тыс. Цяпер подпісы збірае толькі 10 чалавек, але спадар Корбан заклікаў прадстаўнікоў розных грамадскіх рухаў, палітычных партыяў і ўсіх ахвочых падтрымаць кампанію. 80–85 % беларусаў, паводле дзеяча, ахвотна падпісваюцца пад прапановаю. Рэшта – гэта ў асноўным пенсіянеры, якія з недаверам ставяцца да ініцыятывы.

Спадар Корбан адзначыў, што ў планах гарадскіх уладаў ужо было ўсталяванне ў Менску помніку Кастусю Каліноўскаму, але пакуль праект так і не зрэалізавалі. Калі ж улады і цяпер фармальна згодзяцца на помнік, але будуць таксама сцявярджаць, што на яго бракуе грошай, «Альтэрнатыва» распачне народны збор ахвяраванняў. «Калі ж пытанне чарговы раз адкладуць, мы правядзем асветніцкую працу з беларусамі і падмацуем у іх свядомасці важнасць постаці Каліноўскага і ўсіх паўстанцаў і падзеяў 1863–1864 гадоў», – падкрэсліў госць «Белсату».

Далучыцца да ініцыятывы можна, патэлефанаваўшы на нумар +375 29 152 49 68 або зайшоўшы на старонку alternativaby.com

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў