Хто будзе наступным Папам? Топ-8 кандыдатаў на пасаду пантыфіка


У Ватыкане 12 сакавіка распачнецца канклаў, на якім 115 кардыналаў будуць абіраць пераемніка Бэнэдыкта XVI.

Кардыналы-выбарнікі будуць галасаваць ў 1-ы дзень канклаву толькі 1 раз. У наступныя дні галасаванне будзе адбывацца да 4 разоў штодзённа, пакуль адзін з кандыдатаў не атрымае 2/3 кардынальскіх галасоў. Сярод ерархаў, якія возьмуць удзел у галасаванні, 60 кардыналаў – з Еўропы, у тым ліку 28 італьянцаў, 19 – з Лацінскай Амерыкі, 14 паўночнаамерыканцаў, 11 афрыканцаў, 10 азіятаў і 1 з Акіяніі.

Пасля таго, як канклаў распачнецца ў Сікстынскай капліцы, яе дзверы зачыняцца. Той з кардыналаў, хто з нейкай прычыны пакіне памяшканне перад абраннем новага пантыфіка, ужо не зможа вярнуцца назад.

Хто з кандыдатаў мае найбольш шанцаў?

1. Адным з галоўных прэтэндэнтаў на пасаду намесніка св. Пятра называюць арцыбіскупа Мілану Анджэлё Сколя. Ён мае доктарскую ступень па хрысціянскай філасофіі і тэалогіі, хоць ягоны бацька быў звыклым кіроўцам цяжкавіка. Арцыбіскупа Мілану называюць прыхільнікам кампрамісу паміж кансерватарамі і прадстаўнікамі ліберальнай плыні ў Касцёле. Мяркуецца, што перадусім яго хацеў бы бачыць сваім пераемнікам Бэнэдыкт XVI.



2. Другі галоўны прэтэндэнт на тытул Папы Рымскага – Адылу Шэрэра – арцыбіскуп Сан-Паўлу з Бразіліі. Кардынал мае бразільска-нямецкія карані і кіруе найбуйнейшай епархіяй ў найбуйнейшай каталіцкай краіне свету. Сярод моцных бакоў Шэрэра называюць спалучэнне ў ягонай асобе еўрапейскай старасвецкасці і бразільскай адкрытасці. Тым не менш, Шэрэра характарызуюць як чалавека сухога і нехарызматычнага, якому будзе цяжка кіраваць Касцёлам.



3.
Крыстаф Шэнборн – арцыбіскуп Вены, нарадзіўся ў 1945 годзе ў Чэхіі ў сям’і графа. Шэнбарн карыстаецца павагаю прадстаўнікоў іншых рэлігіяў. Яго акрэсліваюць як інтэлектуала і паліглота з даволі вострым розумам. Тым не менш кардынал не мае шмат ведаў пра ватыканскія парадкі і звычкі рымскай курыі.

4. Пітэр Тэрксан – чарнаскуры кардынал з Ганы, які выконвае функцыі генеральнага сакратара Сіноду біскупаў па Афрыцы. Тэрксана лічаць памяркоўным у сваіх поглядах, з вялікім пачуццём гумару, аднак некаторыя могуць успрыняць яго як занадта ліберальнага, які не будзе надаваць належнай увагі пасадзе кіраўніка Касцёлу.

5. Амерыканец Тымаці Долан – арцыбіскуп Нью-Ёрку, гісторык Касцёлу, некаторы час ачольваў адзін з папскіх універсітэтаў. Паводле звестак часопісу “Time”, у 2012 годзе быў адным са 100 самых уплывовых людзей у свеце. Сярод моцных бакоў кардынала – кансерватызм і харызма. Моцная загана – амерыканец не валодае на належным узроўні італьянскаю моваю.



6
. Канадзец Марк Уэлле – арцыбіскуп Кўэбэку, кіраўнік Кангрэгацыі ў справах біскупаў. Пра яго кажуць, што Уэлле пастанавіў стаць святаром яшчэ падлеткам. Ён апісваецца знаўцамі як інтэлектуал, лінгвіст і падарожнік, які мае добрую рэпутацыю ў Лацінскай Амерыцы і досвед у рымскай курыі. Тым не менш яму бракуе харызмы.

7. Філіпінец Луіс Тагле, які займае пасаду арцыбіскупа Манілы, мае рэпутацыю чалавека з народу і не баіцца медыяў. Паводле адмыслоўцаў, Тагле мае “багаслоўскі розум, душу музыкі і сэрца прапаведніка”. На жаль, кардынал разглядаецца як занадта малады і недасведчаны.

8. Джанфранка Равазі – радавіты італьянец, старшыня Папскай рады ў пытаннях культуры. Для святарства кінуў кар’еру выкладчыка лацінскай і старагрэцкай моваў. Равазі добра ладзіць з медыямі і па-майстэрску тлумачыць Біблію, за што яго цаніў Бэнэдыкт XVI. Равазі аднак не мае пастырскага досведу і разглядаецца як асоба вельмі блізкая да светапогляду папярэдняга папы.



Паводле аднаго з даўніх прароцтваў, якое прыпісваецца св. Малахію, наступны пантыфікат можа стацца апошнім.

Злавесныя словы пра пераслед каталіцкага Касцёлу і магчымы канец свету паўсталі нібыта ў XII стагоддзі. Іх аўтарам лічыцца св. Малахій, ірландскі святар і празорца, які падчас паломніцтва ў Рым у 1143 годзе агучыў 111 характарыстык чарговых пантыфікаў. Паводле сучасных інтэрпрэтацыяў гэтага прароцтва, двума перадапошнімі Папамі былі Ян Павал ІІ і Бэнэдыкт XVI. Апошні з Пантыфікаў, згодна з прароцтвам, будзе звацца Пятром Рымлянінам, і ў часы ягонага пантыфікату мае наступіць канец Касцёлу, і, магчыма, нават канец свету.

Гісторыкі аднак называюць прароцтва махлярствам, якое паўстала ажно ў 1590 годзе і павінна было змусіць канклаў выбраць адпаведнага кандыдата.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў