Барацьба за венесуэльскі трон


Ужо праз месяц у Венесуэле адбудуцца прэзідэнцкія выбары. Апазіцыя вызначылася з адзіны кандыдатам – ім стане былы супернік Чавэса, Энрыке Капрылес. Ягоным супернікам будзе віцэ-прэзідэнт Нікаляс Мадура, якога перад смерцю прасіў падтрымаць памерлы прэзідэнт.

Яшчэ не ўсе жадаючыя развіталіся з Уга Чавэсам, а барацьба за ўладу ўжо пачалася. Фаварытам лічыцца часовы выканаўца абавязкаў кіраўніка краіны Нікаляс Мадура. З 2006 года ён займаў пасаду міністра замежных справаў Венесуэлы. У кастрычніку 2012 стаў віцэ-прэзідэнтам, захоўваючы за сабой пасаду міністра. Яго галоўным супернікам на выбарах стане цяперашні губернатар штату Міранда, Энрыке Капрылес. Які ўжо балатаваўся восенню мінулага года і саступіў Уґа Чавэсу, набраўшы 44 % галасоў.

“Я буду змагацца з вамі. Нікаляс, я не дам табе перамагчы без бою. Табе прыйдзецца выйграць у мяне галасы выбарнікаў, і я буду біцца за кожны голас”, – папярэджвае Нікаляса Мадуру губернатар штату Міранда.

Капрылес збіраецца зарэгістраваць сваю кандыдатуру сёння, 11 сакавіка, як толькі скончыцца жалоба па памерлым прэзідэнце Уґа Чавэсу. Лідэр апазіцыі раскрытыкаваў улады Венесуэлы, якія, паводле яго, не выканалі жалобы і ўжо пачалі перадвыбарчую кампанію Нікаляса Мадуры.

Хто стане новым кіраўніком Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла, будзе вядома 14 красавіка.

Д.Ш., belsat.eu

Стужка навінаў