«Тысяча і адна яма» Берасця


Актывісты «Гавары праўду» распачалі ў Берасці кампанію «Тысяча і адна яма», у межах якой насельніцтву дапамагаюць дамагчыся рамонту дарог.



Як распавёў актывіст кампаніі «Гавары праўду» Ігар Маслоўскі, у грамадскую прыёмную «Гавары праўду» звярнуліся жыхары Берасця з просьбаю паўплываць на мясцовыя ўлады дзеля таго, каб апошнія звярнулі ўвагу на праблему рамонту дарогі на вуліцы Ракасоўскага.



«Людзі прыйшлі ў наш офіс і сказалі, што ўмовы перасоўвання па гэтай вуліцы складаныя і нават небяспечныя як для аўтатранспарту, так і для жыцця людзей. Мы выехалі на гэты ўчастак вуліцы Ракасоўскага і пераканаліся, што там сапраўды – тысяча і адна яма… Таму мы распачалі збор подпісаў тутэйшых жыхароў, каб дамагчыся рамонту дарогі».

Алена, жыхарка суседняй вуліцы, кажа, што ёй штодзень даводзіцца ісці пешшу ямінамі вуліцы Ракасоўскага. «Справа ў тым, што тут няма тратуару, людзі ідуць праезнай частцы, але ж там столькі ямінаў, што невядома, як будзе паводзіць сябе аўто, калі будзе праязджаць побач… На такой непрадказальнай дарозе і на чалавека можна наехаць! Тым больш рамонт неабходны, бо пасля адкрыцця супермаркету «Еўраопт» аўтамабіляў тут стала болей… А тут і гімназія побач – дзеці ходзяць…»

Ігар Маслоўскі кажа, што подпісы збіраюцца пад зваротам, у якім гарвыканкам просяць адрамантаваць дарогу і пакараць вінаватых, якія мусілі абслугоўваць праезную частку. Таксама, кажа актывіст, у звароце ўтрымліваецца просьба пакласці тратуар уздоўж дарогі, каб ліквідаваць пагрозу жыццю людзей.

Кастусь Будчак, belsat.eu

Стужка навінаў