«Ахова птушак Бацькаўшчыны» выпусціла паштоўкі з вершамі-дэматыватарамі


Сёлета «Ахова птушак Бацькаўшчыны» вырашыла адмовіцца ад збору подпісаў і адсылання петыцыяў у дзяржаўныя органы з просьбамі спыніць веснавое паляванне на вадаплаўных птушак у Беларусі. На змену прыйшлі паштоўкі з вершамі-дэматыватарамі.

Раней грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) збірала дзесяткі тысячаў подпісаў пад заклікамі спыніць вясновае паляванне. Гэткія петыцыі хоць і скіроўваліся да прэзідэнта, у Адміністрацыю прэзідэнта, у выніку разглядаліся на ўзроўні міжведамственнага Савету палявання пры Міністэрстве лясной гаспадаркі. Гэты Савет складаецца, ў асноўным, з установаў, якія арганізоўваюць паляванне.



«Гэта тое ж самае, што прыйсці да ваўка і папрасіць яго, каб той пашкадаваў і не еў авечак. Арганізацыі, якія зацікаўленыя ў атрыманні прыбытку ад палявання, бо «зверху» атрымліваюць квартальныя планы атрымання прыбыткаў, ніколі не пагодзяцца на тое, каб забараніць тое ж вясновае паляванне на вадаплаўных птушак», – сцвярджае дырэктар АПБ Віктар Фянчук.

Чаму вясновае паляванне шкодзіць?

Першыя трафеі вясны-2013. www.belhunter.org/forum/oota/re-2013/Першыя трафеі вясны-2013. www.belhunter.org/forum/oota/re-2013/На мапе Еўропы Беларусь і Расея застаюцца адзінымі краінамі, у якіх можна ўвесну паляваць на вадаплаўных птушак. Аднак у Расеі тэрмін вясновага палявання складае 10 дзён. У Беларусі гэткі паляўнічы сезон доўжыцца ажно два месяцы!

Паводле абаронцаў птушак, паляванне на вадаплаўных увесну наносіць найбольшую шкоду прыродзе, чымся ўвосень. Гэтак, гусі вяртаюцца з выраю ўжо сфармаванымі парамі, як і частка качак. Забітая самка качкі ці любы з партнёраў з гусінай пары азначае, што другая птушка не дасць нашчадкаў і страта папуляцыі гэтага віду складзе 6–10 асобнікаў. Да таго ж, калі ўвосень паляўнічыя здабываюць шмат аслабленых птушак, то ўвесну – самых моцных, што перанеслі зімоўку і пералёт.

У АПБ спадзяюцца, што выпуск незвычайных паштовак можа паўплываць на сітуацыю з вясновым паляваннем. «Нават сярод самых паляўнічых няма адзінадушша што да вясновага палявання. Значная колькасць паляўнічых разумеюць, што гэта шкодзіць прыродзе і не палююць на птушак увесну», – адзначае Віктар Фянчук.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў