Азербайджан: «Не пераўтварайце войска ў морг!»


https://youtu.be/UDREXISKQ5w
Паліцыя ў Азербайджане выкарыстала гумовыя кулі і вадамёты, каб разагнаць колькі соцень маніфестантаў, якія пратэставалі супраць гвалту ў войску.

Масавая гібель у войску

19-гадовы жаўнер тэрміновай службы Джэйгун Ґубадаў памёр 7 студзеня на сваім пасту. Паводле першапачатковай афіцыйнай версіі – ад сардэчнага прыступу. Родныя навабранца ўпэўненыя, што яго забілі, і дамагліся расследавання, падчас якога арыштавалі 4 жаўнераў.

Гэта ўжо не першая таямнічая смерць у азербайджанскім войску. Паводле інфармацыі Цэнтру ваенных расследаванняў “Дактрына”, толькі ў 2012 годзе ў войску гэтай краіны загінулі 97 жаўнераў. Азербайджанскае войска афіцыйна цяпер не вядзе баявых дзеянняў і паводле колькасці параўнальнае з беларускім – каля 60 тыс. асобаў. У Беларусі афіцыйнай статысткі пра смерць жаўнераў-прызыўнікоў не агучваюць, аднак паводле кампаніі “За альтэрнатыўную грамадзянскую службу ў Беларусі”, у 2012 годзе загінулі 4 жаўнеры.

Жаўнераў “пускаюць на органы”?

Паводле азербайджанскіх медыяў, найчасцей прычынаю смерці жаўнераў у войску называюць хваробы, самазабойствы, няшчасныя выпадкі, ДТЗ і забойствы ў выніку “дзедаўшчыны”. Аднак гэтыя тлумачэнні выклікаюць недавер і пратэсты з боку апазіцыі ды родных загінулых.

Гэтак, у 2012 годзе маці аднаго з загінулых жаўнераў тэрміновай службы заявіла, што ейнага сына забілі, каб прадаць ягоныя органы. Афіцыйнаю версія смерці – самазабойства праз павешанне, аднак бацькі Парвіза Іскандэрлі атрымалі цела свайго сына са слядамі пабояў, пераломамі і без унутраных органаў. Пазней адзін з азербайджанскіх вайскоўцаў, які ўцёк у Францыю, апублікаваў адкрыты ліст, у якім заявіў што ў загінулых жаўнераў сапраўды выразаюць унутраныя органы на продаж.

Тым часам азербайджанская апазіцыя настойвае на больш рэалістычнай версіі прычынаў такой масавай гібелі. Паводле апазіцыянераў, азербайджанскія вайскоўцы працягваюць ажыццяўляць дыверсійныя вылазкі супраць Арменіі. Тыя, хто гінуць падчас аперацыяў, у выніку аказваюцца “самазабойцамі” ці “ахвярамі няшчасных выпадкаў”.

{movie}разгон дэманстрацыі ў Баку|right|9610{/movie}

Пратэст у нядзелю ў Баку – гэта чарговая акцыя пратэсту супраць гвалту ў азербайджанскім войску. Яна не была санкцыянаваная ўладамі, а яе ўдзельнікі дамовіліся аб правядзенні маніфестацыі праз сацыяльныя сеткі. Падчас акцыі яны скандавалі “Не – смерці ў войску” і “Не пераўтварайце войска ў морг!”. Некаторыя з пратэстоўцаў прыйшлі з партрэтамі загінулых жаўнераў.

Хто на Каўказе гаспадар?

Прэзідэнт Азербайджану Ільхам Аліеў, фота gunm.ruПрэзідэнт Азербайджану Ільхам Аліеў, фота gunm.ruДзейны кіраўнік дзяржавы Ільхам Аліеў, які атрымаў уладу ад свайго бацькі, сцвярджае: Азербайджан мае самае баяздольнае войска ў рэгіёне, бюджэтныя выдаткі на якое павялічваюцца штогод. Аднак павялічваецца і колькасць смяротных выпадкаў.

Фактычна такое “нарошчванне мускулаў” – дэманстрацыя сілы перад Арменіяй, з якой Азербайджан ваяваў у 1990 годзе. Аднак паводле незалежных экспертаў, азербайджанскае войска, нягледзячы на салідныя грашовыя ўліванні, па-ранейшаму слабое і патрабуе мадэрнізацыі.

Міхась Ліхтаровіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары