У Вільні развіталіся з трагічна загінулым беларускім дзеячом


У Вільні ў апошні шлях праводзілі старшыню Згуртавання беларускіх грамадскіх суполак Літвы і клубу «Сябрына» Рамана Вайніцкага. Тры дні таму яго закатаванага знайшлі ў сутарэннях уласнага дому. Жорсткае забойства скалынула не толькі беларускую Вільню. Каму ж была патрэбная смерць намесніка дырэктара Беларускай гімназіі? Ці не тым, хто замінаў сёння працы нашай здымачнай групы?



Дзесяткі развітальных паштовак ад былых вучняў, ганаровая варта і мора кветак. У апошні шлях Рамана Вайніцкага родныя, сябры ды паплечнікі праводзілі ўрачыста. Развітацца з дзеячам беларускай меншасці прыйшлі і дыпламаты з амбасады Беларусі.

Напярэдадні за спачын душы Вайніцкага маліліся ў віленскім Касцёле ўсіх святых. Удзел у жалобнай імшы ўзялі некалькі дзесяткаў беларусаў Літвы.

{movie}Развітанне з Раманам Вайніцкім (09.03.2013) |right|9608{/movie}

ВАЛЯНЦІНА ІВАНОВА, БЫЛАЯ НАСТАЎНІЦА ГІМНАЗІІ ІМЯ Ф. СКАРЫНЫ:

«Ён заўжды хацеў, каб беларусы Літвы жылі між сабою дружна. Дзяліць нам няма чаго, мы за мяжою, у нашых сэрцах – Радзіма. Ён любіў паўтараць: «Беларусь у нас адна, нам няма чаго дзяліць, мы – дзеці Беларусі».

Гэтая пазіцыя праяўлялася і лаяльнасцю да ўладаў у Менску, якія ніколі асабліва не рупіліся пра нацыянальную самасвядомасць беларусаў. У свой час гучным стаў заклік віленскага дзеяча да Еўразвязу, каб той не фінансаваў беларускай апазіцыі ды не ўводзіў эканамічных санкцыяў супраць афіцыйнага Менску. Але сябры ўспамінаюць Вайніцкага перадусім як асобу «нейтральную».

ВАЛЯНЦІН СТЭХ, СТВАРАЛЬНІК КЛУБУ «СЯБРЫНА»:

«Ён ніколі не кідаўся ў скрайнасці, не быў вялікім прыхільнікам існага цяпер у Беларусі рэжыму, разам з тым ён не быў і прыхільнікам супраціву гэтаму рэжыму. Ён займаў нейтральную пазіцыю».

Каму ж тады перашкаджала «нейтральная» пазіцыя Вайніцкага? Адныя мяркуюць, што ён мог замінаць Расеі ў яе спробах аб’яднаць нацыянальныя меншасці супраць нацыянальнай палітыкі Літвы. Другія падазраюць у забойстве дзеячаў беларускай апазіцыі… Паводле іншай версіі, прычынаю забойства маглі стаць грошы, да размеркавання якіх Вайніцкі меў доступ. Ёсць яшчэ думкі адносна прычынаў забойства.

АЛЬФОНСАС АЎГУЛІС, ПЕРШЫ АМБАСАДАР ЛІТВЫ Ў БЕЛАРУСІ:

«Ён за апошні час вырас як грамадскі дзеяч, было прыемна глядзець, як ён расце. Я думаў, што ён вырасце ў добрага палітыка, за якога мы будзем галасаваць на выбарах».

Перашкодзіла гэта, магчыма, якраз гэтым людзям, якія зЪявіліся ля пахавальнага бюро, дзе праходзіла развітанне з Вайніцкім. І падобна пагрозам, якія атрымліваў перад смерцю актывіст, сёння пагрозы фізічнай расправы пачула нашая здымачная група. Ёй спрабавалі перашкодзіць працаваць вось гэтыя маладзёны. Яны размаўлялі па-расейску і лаяліся матам, а калі заўважылі, што журналісты звярнуліся ў паліцыю, сышлі.

Хто гэтыя людзі? Можа, і гэта высветліць следства. Цяпер толькі ад літоўскіх праваахоўных органаў залежыць, ці знойдуць вінаватых у жорсткім забойстве актывіста беларускай меншасці ў Літве.

Пахавалі Рамана Вайніцкага на віленскіх могілках Лепінес.

Алесь Яшчанка, «Аб’ектыў», belsat.eu

Стужка навінаў