Беларусь абыдзецца ўраду ЗША амаль у 10 разоў танней за Украіну


Сёлета нашая краіна атрымае 14 млн долараў амерыканскай дапамогі.

У 2010 г. Злучаныя штаты Амерыкі плануюць вылучыць Беларусі 14 млн долараў на развіццё ў галіне правоў чалавека, адукацыі, аховы здароўя, эканамічнага і гуманітарнага развіцця. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт, прысвечаны дапамозе ўраду ЗША розным краінам свету.

Сума фінансавання – адна з самых нізкіх сярод краінаў былога СССР. Украіна сёлета атрымае 124 млн долараў, Грузія – 90,1 млн, Расея – 68,7 млн, Арменія – 45,2 млн, Малдова – 22,7 млн долараў.

Найбольшае падтрыманне чакае Афганістан (3,9 млрд долараў), Пакістан ды Ізраіль (па 3 млрд), Егіпет (1,5 млрд), Ірак (729 млн) ды Іярданію (682 млн). Агульны памер дапамогі ЗША розным краінам сёлета складзе 58 млрд долараў (1% федэральнага бюджэту).

Большая частка беларускай сумы – 9 млн долараў – пойдзе на развіццё дэмакратыі, правоў чалавека і кіравання. Летась агульнае фінансаванне склала 15 млн долараў, з іх на вышэй згаданыя мэты выдаткавалі 10,2 млн.

“Дапамога ўключае праграмы, накіраваныя на ўмацаванне грамадзянскай супольнасці, падтрыманне незалежных медыяў, развіццё няўрадавых арганізацыяў, рынкавыя рэформы і развіццё прыватнага сектару. Сацыяльная і гуманітарная дапамога будзе спрыяць барацьбе з транснацыянальнымі пагрозамі, падтрыманню найбольш слабых слаёў насельніцтва”, – гаворыцца ў каментары на сайце.

belsat.eu

Стужка навінаў