Хоць выбары новага пантыфіка пачнуцца толькі 12 сакавіка, вопратку для яго італьянскае атэлье «Гамарэллі» (Gammarelli) мусіць пашыць загадзя. Новыя сутаны розных памераў трэба даставіць у памяшканне перад пачаткам канклаву: пазней уваход будзе забаронены.
Каму Ватыкан замаўляе вопратку?
«Усе тры сутаны зробленыя са стоадсоткавае воўны, а рукавы – з шоўку, – распавёў уладальнік атэлье Лёрэнца Гамарэллі (Lorenzo Gamarelli). – Чырвоная накідка з капюшонам, на плечы, – маццэта (італ. mozzetta) – пашытая з аксаміту». Між іншым, учора абаронцы правоў жывёлаў якраз на ганку атэлье «Гамарэллі» у цэнтры Рыму пратэставалі супраць таго, што папскія краўцы выкарыстоўваюць натуральнае футра.
Вопратку для пантыфікаў, кардыналаў, біскупаў і святароў атэлье «Гамарэллі» шые з 1798 г. З яго паслугаў не скарыстаў толькі Піюс XII: ён аддаў перавагу краўцу, які абслугоўваў ягоных сваякоў.
З папскіх рэгаліяў самая вядомая – залаты пярсцёнак рыбака з выяваю св. Пятра ў чоўне, які закідае нерат, ды імем кіраўнічага Папы вакол выявы. Папскай тыяры (патройнай кароны з крыжам) пантыфікі не носяць з 1963 г.
Штодзённая папская вопратка складаецца з белай сутаны з капюшонам – дзымары (італ. zimarra), нагруднага крыжа, чырвоных пантофляў і белай шапачкі, якая называецца пілеолюс (лац. pileolus) або цукета (італ. zucchetto).
Гісторыя чырвоных пантофляў
Традыцыйныя чырвоныя пантофлі для Папы з 2002 г. шые майстар у чацвёртым пакаленні Адрыяна Стэфанэллі (Andriano Stefanelli) з гораду Навара (Novara), што побач з Міланам. 11 гадоў таму ён даслаў зробленыя рукамі пантофлі Яну Паўлу ІІ; яны былі настолькі зручныя, што пантыфік зрабіўся сталым кліентам Стэфанэллі.
Бэнэдыкт XVI не стаў шукаць іншага шаўца. Майстар асабіста прывёз яму пару 42 памеру падчас публічнай аўдыенцыі ў верасні 2005-га. Адно толькі давялося змяніць колер: пантофлі мусілі быць яркія, рубінавыя (Ян Павал ІІ насіў цёмна-чырвоныя). Ватыкану нават давялося выступіць са зняпраўжаннем: хтосьці пусціў плётку, што Бэнэдыкт XVI замаўляе абутак ад «Прада» (Prada). Дарэчы, у краме Адрыяна Стэфанэллі кошты на ручную прадукцыю пачынаюцца з 400 еўраў. Майстар кажа, што ён атрымлівае асалоду ад сваёй працы і прыбытак яго не цікавіць, таму пантофлі пантыфіку ён дорыць.
У Сікстынскай капэле ўжо ўсталявалі печкі
Канклаў пачнецца ў аўторак. Раніцаю кардыналы збяруцца ў базіліцы св. Пятра на імшу «Pro eligendo Pontifice», а пасля абеду накіруюцца ў Сікстынскую капэлу. Пасля таго, як яны зоймуць свае месцы, кожны прымае прысягу выконваць правілы Апостальскай канстытуцыі «Universi Dominici Gregis», апублікаванай 22 лютага 1996 г., у тым ліку – трымаць у таямніцы ўсё, што звязана з выбарамі.
Як праходзіць канклаў?
Пасля казанняў дзверы Сікстынскай капэлы зачыняць і пачнуцца выбары. Пусціць туды могуць толькі кардынала, які спазніўся або мусіў часова пакінуць канклаў па стане здароўя. Тыя, хто выйшаў з іншай прычыны, вярнуцца ўжо не змогуць.
У камісію шляхам лёсавання абіраюць дзевяць кардыналаў. Пасля 1945 г. бюлетэні не падпісваюцца. Калі колькасць бюлетэняў не супадае з колькасцю тых, хто галасаваў, то дакументы спальваюць.
Аліна Кашкевіч, belsat.eu
З выкарыстаннем матэрыялаўbe.radiovaticana.va, deutschewelleenglish, sydneycatholic.org