Віза за білет у оперу. Беласток чакае беларусаў, прагных культуры


Набудзь квіток у беластоцкую оперу – і атрымаеш разам з ім турыстычную візу, начлег у гатэлі і экскурсію па горадзе: з такою прапановаю выступілі беластоцкія ўлады ў супрацы з польскім консульствам у Горадні і беластоцкімі падарожніцкімі бюро.



У дадатку найтаннейшы квіток абыдзецца танней за атрыманне візы ў консульстве, дзе толькі за яе трэба будзе заплаціць 60 еўраў.

Прапановаю ўжо скарысталіся першыя 150 асобаў, якія ў сераду адправіліся на мюзікл “Корчак”. Паколькі былі першымі, польскія памежнікі прапусцілі іх праз мяжу ў спрошчаным рэжыме.



“Размовы пра гэты праект занялі каля года, і ўрэшце – атрымалася, чым мы вельмі ганарымся”,
– кажа дырэктар оперы Рабэрта Скальмоўскі. – З самага пачатку мы думалі, як зрабіць так, каб тыя, хто прыязджае ў Беласток за набыткамі заглянулі таксама і ў оперу? Мы добра памятаем часы, калі палякі ездзілі ў супермаркеты Берліну, ці Ґёрліцу. Ніхто тады нам не прапаноўваў яшчэ і наведаць оперу ці тэатр. Але мы запрашаем скарыстацца такою магчымасцю нашых гасцей з Усходу. Запрашаем у оперы, спросцім шмат пытанняў – турысты змогуць тут заначаваць, пакінуць грошы ў крамах і рэстарацыях”.

Дырэкцыя оперы разлічвае, што да канца года прапанова зацікавіць прыблізна 20 тысяч турыстаў з Беларусі.



Менш за Br 500 тыс. за гатэль, візу і квіток



Двухдзённыя турыстычныя пакеты прапаноўваюць 5 беластоцкіх турфірмаў.

“Такой прапановы ў турыстыцы яшчэ не было. Набываючы квіток на канцэрт у оперу, турыст атрымоўвае таксама начлег і абед у гатэлі ды ўваход у музей. Натуральна, што ў межах прапановы змяшчаецца і магчымасць закупаў – гэта натуральна, што турысты захочуць пахадзіць па крамах”, – зазначае кіраўнік беластоцкага аддзелу Польскай турыстычнай палаты Яўген Лаўрэнюк.

Найтаннейшы пакет каштуе каля паўмільёна беларускіх рублёў. Кошты розняцца ў залежнасці ад гатэлю, а выбар складаецца, як з гостэлаў, так і з найлепшых беластоцкіх гатэляў. Аднак трэба памятаць, што ў арганізацыі такіх тураў могуць браць удзел толькі тыя фірмы з беларускага боку, што акрэдытаваныя ў польскім консульстве.

Спрашчэнні на мяжы

Што не малаважна – лягчэй будзе таксама падчас мінання мяжы. Польскія памежнікі абяцаюць скараціць час правярання аўтобусу да 8 хвілінаў. Што праўда, працэс правярання дакументаў і багажу на беларускім баку не зменіцца. У польскіх мытнікаў ёсць спіс людзей, якія спрабавалі правесці кантрабанду, што ўвесь час пашыраецца. Калі ж асоба скарыстаецца прапановаю “віза за квіток у оперу”, штраф за нелегальны перавоз тых жа цыгарэтаў складзе колькі мільёнаў рублёў.

Летась беларуска-польскую мяжу мінулі больш за 1 млн турыстаў. Беларусы закупілі тавараў прыкладна на 800 млн злотых. Гэта на 137 млн болей, чымся ў 2011 годзе. Перадусім перавозілі бытавую тэхніку, харчаванне і будаўнічыя матэрыялы.

К.Р., паводле bialystok.gazeta.pl, belsat.eu

Стужка навінаў