Свята мае быць! Якім будзе сёлетні Дзень Волі?


Беларускія дэмакратычныя колы рыхтуюцца да галоўнага свята незалежнасці – Дня Волі. Цяпер арганізатары чакаюць дазволу на правядзенне мірнага шэсця ад Батанічнага саду да парку Дружбы народаў.

Адпаведную заяўку ў Менгарвыканкам падалі яшчэ 20 лютага. Але план святкаванняў Дня Волі нашмат шырэйшы. Сёння арганізатары распавялі, што гатовыя прапанаваць шырокай грамадскасці на Дзень Волі.

{movie}Свята мае быць! (07.03.2013) |right|9574{/movie}

Дзень беларускай незалежнасці, або Дзень Волі, мае быць святам усіх беларусаў. А таму аргкамітэт святкавання сёлета робіць акцэнт на паўнавартаснай інфармацыйнай кампаніі, каб…

ЮРАСЬ ГУБАРЭВІЧ, ПЕРШЫ НАМЕСНІК СТАРШЫНІ РУХ «ЗА СВАБОДУ»:

“Кожны беларус меў святочны настрой і даведаўся інфармацыю, якую хаваюць улады… Каб яны ведалі, што дзякуючы намаганням Рады БНР у 1918 годзе была створаная БНР, якая фактычна заклала падмуркі сённяшняй незалежнай Беларусі”.

А дзеля адукацыйных мэтаў усе сродкі добрыя: распаўсюд віншавальных паштовак і налепак, круглыя сталы з удзелам лідараў партыяў, конкурсы ў медыях. Як падсумоўваюць самі арганізатары…

ДЗЯНІС САДОЎСКІ, БХД:

“Даволі шырокая праца вядзецца, крэатыў – усё гэта дазволіць на больш высокім узроўні правесці Дзень Волі”.

Ды правесці яго больш масава. Адмыслова дзеля гэтага замест традыцыйнага 25 сакавіка імпрэзы агульнага характару вырашылі зладзіць напярэдадні – у нядзелю. Традыцыйнае масавае шэсце, на правядзенне якога арганізатары пакуль чакаюць дазволу, мае распачацца ля ўваходу ў Батанічны сад. У якасці кульмінацыі вулічных акцыяў актывісты запланавалі мітынг у парку Дружбы народаў. Што да фармату…

АЛЯКСЕЙ ЯНУКЕВІЧ, СТАРШЫНЯ ПАРТЫІ БНФ:

“Маем папярэднія дамоўленасці з дударамі, каб шэсце было гучнае, бачнае. Таксама плануем распаўсюдзіць тэксты патрыятычных песень, каб падчас шэсця ўдзельнікі маглі спяваць. І падчас самога мітынгу зробім акцэнт на мастацкім аздабленні сцэны”.

Сярод іншага аргкамітэт спадзяваўся правесці канферэнцыю і святочны канцэрт у Палацы культуры Менскага трактарнага заводу. Аднак акурат сёння дырэкцыя МТЗ афіцыйна адмовілася даць памяшканне – у сувязі з запланаванымі акурат на той жа дзень важнымі імпрэзамі. На думку арганізатараў, прычына традыцыйна надуманая.

ЮРАСЬ ГУБАРЭВІЧ, ПЕРШЫ НАМЕСНІК СТАРШЫНІ РУХУ «ЗА СВАБОДУ»:

“Яшчэ на мінулым тыдні падчас тэлефоннай размовы нам сказалі, што дазвол мы зможам атрымаць пасля ўзгаднення правядзення імпрэзы з Менгарвыканкамам. І Менгарвыканкам, куды накіраваная адпаведная заяўка, паабяцаў даць адказ у вызначаны законам тэрмін – да 12 сакавіка, таму мы лічым, што кропка ў гэтым пытанні не пастаўленая”.

Але нават у выпадку адмовы арганізатары абяцаюць знайсці спосаб адзначыць важны дзень. Тым больш – сёлета і свята падвойнае. Дзень Волі пройдзе не толькі пад знакам 95-гадовага юбілею ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі, але і 150-годдзя паўстання Кастуся Каліноўскага.

Вольга Саўле, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў