Агляд падзеяў культуры.
Людзі з’язджаюць і вяртаюцца дадому. Часам – у постаці сваіх кніг, якія ў далёкай эміграцыі паўстаюць у думках і трызненнях пра радзіму. У кнігарні «ЛогвінаЎ» прайшла прэзентацыя чатырох выданняў эмігранцкай спадчыны – такіх розных, што спакусіцца на іх прачытанне можа самы розны чытач.
Альманах «Запісы Беларускага інстытуту навукі і мастацтва» прыехаў з Нью-Ёрку – чарговы нумар, бо яны ствараюцца раз на год. Гэты акурат прысвечаны беларускай эмігранцкай літаратуры. Яшчэ адна кніга – «Жанры» Лявона Юрэвіча – разглядае кірункі нашай эміграцыйнай літаратуры. Нарэшце кнігі трапяць у рукі даследнікаў.
{movie}Агляд падзеяў культуры|right|9564{/movie}«Мне вельмі б хацелася, каб не толькі замежнікі чыталі творы беларускіх літаратараў, але і беларускае літаратуразнаўства трошкі пасунулася і, прачытаўшы кнігу Лявона Юрэвіча, паглядзела на сябе збоку», – кажа літаратурны крытык Ганна Кісліцына.
Дзве іншыя кнігі – сапраўднае адкрыццё для масавага чытача. «Творы» Леаніда Савёнка, якога называюць беларускім Ільфам і Пятровым, – сатыра ў сваім найлепшым значэнні. Унікальны «Дзённік» Дзмітрыя Сямёнава перадае атмасферу моладзевага асяродку ў акупаванай падчас вайны сталіцы.
«У нас эмігранты збольшага замоўчваюцца, – кажа даследнік літаратуры Ціхан Чарнякевіч. – Іх не ўключаюць у школьныя праграмы. Яны блакуюцца дзяржаўнымі выдавецтвамі».
Іншыя тэмы: тапачкі з дроту і перлаў ад Івана Айплатава на выставе «Тапкаграфія», выстава народных промыслаў у Магілёве, гібель расейскага актора Андрэя Паніна.
Адэля Дубавец, belsat.eu