У Нацыянальнай бібліятэцы даюць спасылку на сайт Пазняка


Што нас здзівіла падчас экскурсіі ў сімвал лукашэнкаўскай Беларусі – ромбакубаактаэдр на праспекце Незалежнасці ў Менску.

Адэкватны адказ на ідэалагічна няслушны запыт

Віртуальная даведкавая служба “Спытай бібліятэкара” абяцае, што на любы запыт вы цягам усяго 2 дзён атрымаеце спіс з 10 крыніцаў. Мы пастанавілі спраўдзіць, наколькі зідэалагізавалася паслуга з моманту ўвядзення (2006 года): папрасілі сабраць інфармацыю на тэму “Біяграфія Зянона Пазняка”. Адказ атрымалі хутка, як нам і абяцалі.

У спіс крыніцаў былі ўключаны:

  • Артыкулы Зянона Пазняка: “Тэатр імя Янкі Купалы – помнік архітэктуры і гісторыі” (“Полымя”, 1990), “Праблемы станаўлення і развіцця беларускага прафесійнага тэатра пачатку XX стагоддзя (1900–1917)” (“Наша слова”, 21 красавіка 2004).

  • Аўтарэферат ягонай кандыдацкай дысертацыі “Проблемы становления и развития белорусского профессионального театра начала XX века (1900–1917 гг.)” (Ленінград, 1981).

  • 4 артыкулы іншых аўтараў: Л. Маслюковай “Попытка заочного диалога с Зеноном Позняком” (“Советская Белоруссия”, 2 ліпеня 1999), Ю. Русакевіча “Малая радзіма” Зянона Пазняка” (“Рунь”, 11 чэрвеня 2003), У. Содаля “Зянонавы урокі” (“Наша слова”, 21 крсавіка 2004), С. Палішчук “Принуждение к доверию: о “Добрай фатаграфіі” Зенона Позняка”.

Праўда, гіперспасылка на Зянона Пазняка ў архіве запытаў праз некаторы час перастала адкрывацца.

Беларускую мову гэтак і не вывучылі

Электронны сайт бібліятэкі мае беларускую версію. Прыемна, што адміністрацыя імкнецца “беларусізаваць” і памяшканні, але вынік не заўсёды цешыць.

Дзіцячы пакой: Br 2500 за паўгадзіны

Адносна недарагая паслуга прыцягвае не толькі чытачоў. Пакінуўшы дзіця (3–10 гадоў) у добра абсталяваным пакоі з цацкамі, гульнямі і кнігамі ды яшчэ пад наглядам прафесійных педагогаў-псіхолагаў, можна вызваліцца, каб развязаць уласныя праблемы або проста пагуляць і адпачыць. Праўда, гэтым можна карыстацца не болей за 2 гадзіны.

Гераіня фотажабаў

Будынак Нацыянальнай бібліятэкі – гэта ромбакубаактаэдр (трохмерная фігура з 8 трохкутнікаў і 18 квадратаў). Вышыня – 73,6 м (23 паверхі), вага – 115 тыс. тонаў (без уліку кніг). Архітэктурны праект перамог на ўсесаюзным конкурсе ў 1989 годзе. Нацыянальная бібліятэка займае 24-е месца ў ТОП-50 самых незвычайных будынкаў свету (паводле версіі сайту «Village of joy»). Амерыканскі часопіс “Travel+leisure” пайшоў далей і ўключыў сімвал эпохі Лукашэнкі ў спіс самых пачварных будынкаў свету. Першы чытацкі білет бібліятэка ўручыла Аляксандру Лукашэнку.

Аліна Каранкевіч, Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў