Не вытрываў. Лукашэнка ляціць у Венесуэлу развітвацца з Чавэсам


Праз гэта кіраўнік Беларусі нават адмяніў прыём з нагоды 8 сакавіка.

Улічваючы асаблівы сяброўскі характар і стратэгічны ўзровень беларуска-венесуэльскіх стасункаў, Аляксандр Лукашэнка пастанавіў асабіста узяць удзел у жалобных цырымоніях у Каракасе ў сувязі са смерцю прэзідэнта Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла Уга Чавэса, цытуе прэс-службу Лукашэнкі БелТА.

Традыцыйны ўрачысты прыём з нагоды Дня жанчын ад імя кіраўніка беларускай дзяржавы пастанавілі перанесці на пазнейшы тэрмін. “Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэнне накіравацца ў Каракас, нягледзячы на шэраг міжнародных візітаў і загружанасць свайго працоўнага графіку. Гэта звязана з тым, што ў Уга Чавэса не было больш блізкіх і сяброўскіх адносінаў з ніводным з кіраўнікоў замежных дзяржаваў, як з прэзідэнтам Беларусі”, паведамляе прэс-служба.

Учора паведамлялася, што ў Каракас паляцяць Віктар Шэйман і Уладзімір Сямашка. У Беларусі абвесцілі 3-дзённую жалобу, аднак кіраўнік краіны сумаваць разам з суграмадзянамі не будзе, а паедзе ў Каракас. Апроч найлепшага сябра, з Чавэсам развітаюцца кіраўнікі Эквадору, Перу, Аргентыны, Уругваю, Балівіі ды Чылі. Усе гэтыя краіны таксама абвесцілі жалобу на колькі дзён. Да іх далучыўся і Іран, дзе Чавэса назвалі “пакутнікам”.

У.Ш.,belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары