У Менску прэзентавана кніга Бяляцкага - «Асвечаныя беларушчынай»


Аўтар 500-старонкавай кнігі – літаратуразнавец, які праз сітуацыю ў краіне стаўся абаронцаю правоў чалавека і за гэта трапіў у вязніцу. Сваё новае літаратурнае даследаванне Алесь Бяляцкі пачаў рыхтаваць яшчэ на волі, а заканчваць давялося за кратамі. Як распавяла ўкладальніца кнігі Паліна Сцепаненка, Алесь Бяляцкі вельмі ўсцешыўся гэтым выданнем.

{movie}«Асвечаныя беларушчынай»|right|9551{/movie}

ПАЛІНА СЦЕПАНЕНКА, УКЛАДАЛЬНІЦА КНІГІ АЛЕСЯ БЯЛЯЦКАГА:

“Яго задаволіла ў кнізе ўсё, бо яе афармляў вельмі вядомы графік Уладзімер Вішнеўскі. І таксама Алесю Бяляцкаму падабаецца, як яна выдадзеная. Да таго ж ён мяркуе, што ўжо ніхто не скажа, быццам ён не адбыўся як літаратар”.

Кніга накладам тысячу асобнікаў пабачыла свет яшчэ на пачатку лютага. Аўтар меркаваў выдаць яе да свайго пяцідзясятага юбілею, які святкаваўся 25-га верасня летась. Аднак укладаць выданне давялося ў вязніцах Менску, Жодзіна і Бабруйску. Зборнік улучае раннія творы Бяляцкага з часоў аспірантуры: літаратурную крытыку, эсэ па гісторыі беларускай літаратуры ды ўспаміны пра пісьменнікаў. Змяшчае выданне і шэраг новых тэкстаў. У прыватнасці, рэцэнзіі на кнігі турэмнай лірыкі Уладзіміра Някляева і Аляксандра Фядуты, створаныя ў СІЗА КДБ. Набыць кнігу літаратара-вязня можна на сядзібе Партыі БНФ. Дарэчы, сам Алесь Бяляцкі ўжо атрымаў свой аўтарскі асобнік.

Дар’я Румянцава, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў