Лідар незалежнага прафсаюзу «Граніту»: Нас штучна палітызуюць


У выніку праведзенай атэстацыі на мікашэвіцкім прадпрыемстве быў зніжаны каэфіцыент шкоднасці працы, што зменшыць заробкі і пазбавіць працаўнікоў тыднёвага дадатковага адпачынку, падзяліўся ў «Гарачым каментары» прафсаюзны актывіст Анатоль Літвінка.

Госць каналу падкрэсліў, што цяпер на прадпрыемстве самая папулярная тэма – ільготы. Людзі паглядзелі на дзеянні кіраўніцтва і зразумелі, што толькі аб’яднаўшыся разам, можна адстаяць свае правы.

{movie}Анатоль Літвінка ў “Гарачым каментары” |right|9542{/movie}

Паводле актывіста, ужо цягам 20 апошніх гадоў адміністрацыя «Граніту» прытрымліваецца прынцыпу «галубца», калі начальства есць мяса, а звычайныя працаўнікі – капусту.

Рабочыя працуюць у цяжкіх умовах – на састарэлым абсталяванні 30-гадовай даўніны, у воблаках пылу, якім усланая ўся зямля і які ляціць на вялікую адлегласць ад заводу. За скасаванне ж ільготаў для «гранітаўцаў» выступаюць, паводле спадара Літвінкі, лідары афіцыйных дзяржаўных прафсаюзаў. «На мой погляд, у дзяржавы няма грошай, і гэта індыкатар сацыяльна-эканамічнай палітыкі, якая праводзіцца ў нашай краіне апошнія дзесяцігоддзі. Гэта штучна навязаная мадэль, якая дае збоі. Няма адкуль браць грошы – то пазбаўляюць людзей ільготаў», – зазначыў ён, згадаўшы такую сітуацыю на гарадзенскім «Азоце» і наваполацкім «Нафтане», дзе, аднак, рабочым удалося захаваць ранейшыя ільготы.

Спадар Літвінка заўважыў, што большасць «гранітаўцаў» запалоханая, як і рэшта беларусаў, і баіцца адкрыта змагацца за свае правы, але на цяперашнім эмацыйным пад’ёме ў незалежны прафсаюз папрасілася 5 маладых асобаў: «Яны пабачылі, што ў незалежным прафесійным звязе словы і справы не разыходзяцца». Цяпер жа ўлады штучна ўцягваюць незалежны прафсаюз у палітыку, хоць арганізацыя далёкая ад гэтага, бо займаецца толькі інфармаваннем працаўнікоў пра іхныя правы і дае юрыдычныя кансультацыі на ўзор еўрапейскіх прафсаюзаў.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў