ЗАГС не дазволіў жыхару Гомля змяніць дзень народзінаў


Перанесці дзень народзінаў з 1 верасня на 31 жніўня, як гэта зрабіў Аляксандр Лукашэнка, жыхару Гомля не дазволілі. Уладзімір Няпомняшчых хацеў бы адзначаць свята тады ж, калі прэзідэнт і ягоны меншы сын: “Якое гэта будзе для мяне шчасце – усведамляць, што таксама нарадзіўся 31 жніўня. Бо такое не кожнаму даецца”.

Ён звярнуўся ў ЗАГС з просьбаю перанесці дату ў звестках аб нараджэнні. “Хачу, каб у мяне быў дзень народзінаў разам з Колем Лукашэнкам і ягоным татам Лукашэнкам Аляксандрам Рыгоравічам”, – растлумачыў мужчына. У заяве ў ЗАГС ён напісаў, што нарадзіўся 1 верасня 1952 года. “У гэты дзень, толькі ў 1939 годзе, пачалася Другая сусветная вайна. Ужо на працягу больш як 50 гадоў гэтая падзея азмрочвае мой дзень народзінаў. Відаць, дае асадак пачатак страшнай крывавай трагедыі мільёнаў ні ў чым не вінаватых людзей”, – адзначаў аўтар заявы.

Адмову змяніць дату нараджэння ЗАГС матываваў тым, што заяўнік не падаў дакументаў, якія пацвярджаюць факт ягонага з’яўлення на свет 31 жніўня. Аддзел ЗАГСу спасылаецца на шэраг нарматыўных і прававых актаў, у прыватнасці, на Кодэкс аб шлюбе і сям’і, шэраг пастановаў, указ прэзідэнта “Аб адміністрацыйных працэдурах, якія ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі ды іншымі арганізацыямі па заявах грамадзянаў”.

“Адказ ЗАГСу – адпіска, бо я і не сцвярджаў, што ў мяне Дзень нараджэння 31 жніўня, а прасіў перанесці з 1 верасня. У нас толькі адзін чалавек можа рабіць, што хоча. Іншым, як відаць, не дазволена змяняць дзень нараджэння па жаданні”, – сказаў Няпомняшчых.

Нагадаем, што Аляксандр Лукашэнка змяніў дату народзінаў з 30 на 31 жніўня.

belsat.eu

Стужка навінаў