У Менску выставілі карціны з прыватных калекцыяў мастакоў


У галерэі “Ў” адкрылася выстава прыватных калекцыяў актуальных беларускіх мастакоў. Аказалася, што ў сваіх кватэрах мастакі трымаюць, без перабольшання, уласныя хатнія галерэі. Выстава, апроч відовішча, мае на мэце паставіць і больш глыбокія пытанні.

{movie}Агляд падзеяў культуры (06.03.2013)|right|9541{/movie}

А менавіта сам прынцып хатняга калекцыянавання. Калекцыі ўтвараюцца хаатычна, не маюць пэўнай канцэпцыі – апроч той, якую ўкладае ў іх уласнае “я” мастака.

“Мастакі ёсць у Беларусі, але попыту як сярод гледачоў, гэтак і між патэнцыйных калекцыянераў не так шмат, – разважае адная з арганізатарак, Таццяна Арцімовіч. – Часта гэтыя працы апынаюцца ў руках іншых мастакоў, закрытай арт-супольнасці”.

І сапраўды. Працы адных сустрэліся ў калекцыях іншых, разам з гісторыямі: нешта было падоранае калегамі на дні нараджэння, нешта выратаванае, знойдзенае, набытае. На сценах галерэі суседнічаюць, між іншых, працы Міхаіла Гуліна, Артура Клінава, Аляксандра Жданава, Уладзіміра Парфянка, Сяргея Шабохіна ды Руслана Вашкевіча.



“Гэта ж такі абмен энергіяй, цеплынёю – праз працы і стварэнне калекцыяў. Праз стаўленне адно да аднаго. Гэтага ніколі не бывае зашмат”
, – патлумачыў Вашкевіч уласнае рашэнне паўдзельнічаць у выставе.

Іншыя тэмы: выстава фотаздымкаў “Кінестэтыка” Андрэя Шчукіна, комікс з Полам МакКартні ў галоўнай ролі ды стужкі, якія заўтра ўваходзяць у пракат.

Адэля Дубавец, belsat.eu

Стужка навінаў