Лукашэнка «не стрымлівае слёз», а на пахаванне Чавэса паедуць Шэйман і Сямашка


БелТА змясціла тэкст звароту кіраўніка Беларусі з нагоды смерці венесуэльскага лідара

«Нашыя сэрцы працяла сумная вестка – пайшоў з жыцця блізкі, надзейны сябар, наш брат, Прэзідэнт Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла Уґа Чавэс Фрыяс. Мы, не стрымліваючы слёз, смуткуем разам з венесуэльскім народам, аплакваючы заўчасную смерць Уґа Чавэса – аднаго з найвялікшых дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў сучаснасці, нязломнага героя, палымянага патрыёта і змагара за незалежнасць, выдатнага палітыка, мысляра і прамоўцы, яркага, моцнага і жыццярадаснага чалавека, усё жыццё якога было цалкам прысвечанае служэнню Айчыне.

Пад кіраўніцтвам Уґа Чавэса, спадчынніка і прадаўжальніка святой справы Сімона Балівара, Венесуэла скінула ненавіснае ярмо адсталасці і галечы, вызвалілася ад палітычнага і эканамічнага прыгнёту іншаземных дзяржаваў. Прэзідэнт Чавэс моцнаю, цвёрдаю рукою ўпэўнена вёў родную краіну да свабоды і шчасця. Ён быў і, я ўпэўнены, назаўжды застанецца для мільёнаў людзей сапраўдным бацькам венесуэльскай нацыі, абаронцам бедных, абяздоленых і прыгнечаных, светачам надзеі ды апораю дэмакратыі на паўднёваамерыканскім кантыненце.

У асобе Уґа Чавэса мы страцілі блізкага чалавека і найлепшага сябра, які горача любіў Беларусь і заўсёды працягваў нам руку дапамогі ў цяжкую хвіліну.

Супольная праца на карысць Беларусі і Венесуэлы, тыя цёплыя, чалавечыя адносіны, якія звязвалі нас усе гэтыя гады, назаўсёды застануцца аднымі з самых дарагіх успамінаў у маім жыцці.

Імя Прэзідэнта Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла Уґа Чавэса Фрыяса залатымі літарамі ўпісанае ў скрыжалі сусветнай гісторыі, ягоная асоба і здзяйсненні цяпер належаць вечнасці.

Сёння, у гэты час болю і смутку, мы спачуваем родным і блізкім Уґа Чавэса, усяму народу Венесуэлы і клянемся памяццю яе вялікага лідара ўвасобіць нашыя супольныя задумы і планы ў жыццё, працягнуць палітыку сяброўства і ўзаемадапамогі, зрабіць усё для далейшага ўмацавання і развіцця супрацы на карысць абедзвюх краінаў.

Спачывай з мірам, наш сябар і браце Уґа Чавэс. Твая справа будзе жыць у вяках!», напісана ў звароце.

Тым часам у жалобных мерапрыемствах у сувязі са смерцю прэзідэнта Венесуэлы возьмуць удзел кіраўнік справамі Лукашэнкі, сукіраўнік беларуска-венесуэльскай камісіі Віктар Шэйман і першы намеснік прэм’ера, сукіраўнік беларуска-венесуэльскай супольнай камісіі ў справах гандлёва-эканамічнай супрацы Уладзімір Сямашка.

У.Ш., belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары