За што караюць палітвязняў?


Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDN) і праваабарончы цэнтр «Вясна» ацэньваюць умовы ўтрымання беларускіх палітвязняў як крытычныя. Праваабаронцы звяртаюць увагу на абсурдныя прычыны пакаранняў і цкаванняў палітычных зняволеных.

Паводле праваабаронцаў, на сённяшні момант паводле палітычных прычынаў «сур’ёзна абмежаваныя ў свабодзе» каля 40 грамадзянаў Беларусі. Тыя, хто не сядзіць за кратамі, сутыкаюцца з абмежаваннем правоў на волі. Гэтак, у 25 памілаваных і датэрмінова вызваленых у 2011–2012 гадах дагэтуль не пагашаная судзімасць, а працаўнікі міліцыі рэгулярна наведваюць іх. Вызваленыя людзі мусяць быць дома ў начны час і не маюць права выехаць за межы гораду без адпаведнага дазволу. Нібыта за парушэнне гэткіх правілаў у траўні 2012 года Васіля Парфянкова асудзілі на паўгода арышту, а нядаўна на сем дзён асудзілі Паўла Вінаградава.

На сёння ў беларускіх турмах – 11 асобаў, прызнаных вязнямі сумлення. Іх рэгулярна абмяжоўваюць у сродках існавання, медычнай дапамозе, пазбаўляюць права спатканняў і перадач. Часцей за ўсё гэткія санкцыі выкарыстоўваюць за «парушэнне рэжыму і распарадку дня».

Ваўкавыскага прадпрымальніка і дэмакратычнага актывіста Мікалая Аўтуховіча на 10 сутак перавялі з камеры ў ізалятар з прычыны «непрыбыцця ў сталовую ў складзе атраду». Праз месяц пакаранне паўтарылі, спасылаючыся ўсё на тое ж ненаведванне сталовай. Хоць раней была дамоўленасць з адміністрацыяй наконт таго, што Аўтуховіч не ходзіць з усімі ў сталовую праз стан здароўя.

Яўген Васьковіч за час адбыцця пакарання ў турме Магілёва атрымаў 23 дысцыплінарных спагнанні, у асноўным за «парушэнне захадаў ізаляцыі» ды «занавешванне спальнага месца». І, як злосны парушальнік рэжыму, мог рабіць набыткі раз на месяц у турэмным кіёску толькі на BR 100 тыс. (прыкладна € 10 за месяц).

Мікалая Дзядка ў сакавіку 2012 года пазбавілі перадачаў і спатканняў, а таксама на яго ўвесь час ціснулі – усё з прычыны «парушэння ўсталяванай формы адзення для асуджаных». Ужо ў наступным месяцы Дзядка перавялі ў ізалятар на 10 сутак за «адмову ад выканання прыбірання камеры штрафнога ізалятару» і яшчэ на 3 сутак за «парушэнні распарадку дня ў штрафным ізалятары (сон)».

Экс-кандыдата на прэзідэнта Міколу Статкевіча пасадзілі ў ізалятар на пяць сутак праз тое, што пры ператрусе ў яго знайшлі дзве насоўкі, пазначаныя вязнем як “гігіенічныя прылады», – гэта расцанілі як грубае парушэнне. Пасля гэтага Статкевіча абмежавалі ў штомесячных набытках сумаю BR 100 тыс.

«Пасля хвалі рэпрэсіяў, якая ўзнялася пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года, уладам Беларусі ўжо мала проста адправіць чалавека ў турму за ягоную палітычную або грамадскую дзейнасць, ім трэба маральна растаптаць, зняважыць чалавека. Для дасягнення гэтых мэтаў улады не грэбуюць ніякімі метадамі ціску: ад прымянення дысцыплінарных спагнанняў і абмежаванняў да арганізаваных правакацыяў з боку іншых зняволеных», – мяркуе праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Большай частцы затрыманых палітвязняў або падаўжаюць тэрмін пакарання, або замяняюць умовы ўтрымання на больш жорсткія. Гэтыя факты з рэпрэсіямі ды ціскам, якія здзяйсняюцца ў адносінах беларускіх палітвязняў, прымушаюць казаць пра тое, што сітуацыя насамрэч блізіцца да крытычнай.

Шыцік Дзіяна, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары