Беларусь ніколі не была для Венесуэлы гэткім жа значным партнёрам, як Венесуэла для Беларусі. Пасля смерці Уга Чавэса ўлада можа перайсці да сённяшняй апазіцыі, а гэта, у сваю чаргу, можа прынесці страты для Беларусі.
Страты ў палітыцы
Для афіцыйнага Менску ва ўмовах міжнароднай ізаляцыі важна дэманстраваць дыпламатычныя поспехі. З 2007 года прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавэс чатыры разы быў з візітам у Беларусі. Аляксандр Лукашэнка наведваў Каракас тры разы. Для афіцыйнага Менску гэткая колькасць візітаў на найвышэйшым узроўні параўнальная толькі з узаемадачыненнямі з кіраўніцтвам Расеі.
«Для першай асобы ў нашай дзяржаве гэта асабіста цяжкая страта. Чавэс быў адзін з нямногіх лідараў замежных дзяржаваў, які падтрымліваў цесныя сувязі з Беларуссю і персанальна з яе кіраўніком», – адзначае палітолаг Андрэй Фёдараў.
{movie}Чавэс вітае Лукашэнку словамі “апошні дыктатар Еўропы”. Архіўнае відэа.|right|9535{/movie}
Антыамерыканская рыторыка Уга Чавэса фактычна супадала з пазіцыяй Лукашэнкі, ад якога Злучаныя Штаты патрабуюць дэмакратызацыі Беларусі. Падчас апошняга візіту кіраўніка нашай краіны ў Венесуэлу, Чавэс павітаўся з ім словамі: «Аляксандр Лукашэнка! Апошні дыктатар Еўропы!»
Эканоміка: «Паказушнае» будаўніцтва і экспарт нафты
Да інтэнсіфікацыі эканамічных стасункаў паміж дзвюма дзяржавамі, што прыпадае на перыяд пасля 2007 года, Беларусь экспартавала ў Венесуэлу выключна калійныя ўгнаенні. Пазней нашая краіна пачала экспартаваць за акіян дарожную тэхніку, грузавікі МАЗ і сухое малако.
Наступным этапам сталася падпісанне пагаднення наконт стварэння шэрагу агульных прадпрыемстваў у Венесуэле і падпісанне кантрактаў на будаўніцтва жытла беларускімі адмыслоўцамі.
{movie}”Беларускі квартал” у Венесуэле|right|9536{/movie}
Гэтак, у Маракаі збудавалі цэлы «беларускі квартал». Што праўда, рэалізацыя праекту суправаджалася шэрагам скандалаў. Дамы будавалі венесуэльскія падрадчыкі, прадстаўнікі «Белзарубежстрою» толькі кіравалі праектам… праз вайсковых перакладчыкаў. Венесуэльскія будаўнікі, паводле мясцовай прэсы, працавалі ў небяспечных умовах, не атрымлівалі заробкаў своечасова. Рэалізатараў праекту абвінавацілі ў кантрабандзе арматуры. У выніку кватэры здавалі без электрычнасці ды каналізацыі.
Аднак апафіёзам двухбаковай супрацы стаўся праект экспарту венесуэльскай нафты ў Беларусь. Гэта адбывалася на фоне чарговага абвастрэння ў стасунках паміж Менскам і Масквою. Дыверсіфікацыя экспарту энерганосьбітаў на некаторы час сталася казырнаю картаю ў дыялогу з Крамлём.
Эканамічны складнік гэтага праекту быў не такі паспяховы. Спачатку наўпроставы экспарт давялося замяніць сўоп-схемаю, паводле якой на беларускія прадпрыемствы трапляла азербайджанская нафта. Пасля ж паспяховых перамоваў з Расеяй купляць венесуэльскую нафту стала нявыгадна як з эканамічнага, гэтак і з палітычнага пункту гледжання.
У 2010–2012 гадах таваразварот паміж Венесуэлаю і Беларуссю дасягаў $ 1,2–1,4 млрд. Аднак у 2012 гэты паказнік знізіўся да $ 0,5 млрд.
Венесуэла застанецца хаўруснікам?
Аляксандр Лукашэнка ў гасцях у Уга Чавэса. Архіўнае фота.Тым не менш іншых хаўруснікаў, якія маглі б замяніць Чавэса, у афіцыйнага Менску няма. Цяпер краінаю кіруе паплечнік Чавэса віцэ-прэзідэнт Нікаляс Мадура, але цягам 30 дзён маюць адбыцца прэзідэнцкія выбары.
«Ён не робіць уражання такой харызматычнай асобы, якім быў Чавэс, і не вядома, ці яму ўдасца захаваць уладу. Калі да ўлады прыйдуць апаненты Чавэса, то афіцыйнаму Менску будзе значна цяжэй: будзе мець месца значнае скарачэнне ўзаемадзеяння ў эканамічнай, а тым больш – у палітычнай сферы», – мяркуе Андрэй Фёдараў.
Зміцер Ягораў, belsat.eu