Астравецкая АЭС: Дагонім ды абгонім Амерыку


Узімку першы віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка заявіў, што працы для ўзвядзення Астравецкай АЭС ідуць з апярэджаннем графіку на 4 месяцы.

Аднак галоўны інжынер будоўлі Анатоль Бондар, каментуючы «Белсату» тое, як рухаецца праца, распавёў, што не ўзяўся б казаць пра гэткія лічбы. «У працы на катлаване, у земляной працы сапраўды ёсць апярэджанне. Але я як адмысловец, як галоўны інжынер арганізацыі, якая ўжо эксплуатуецца, не магу сказаць, на тры месяцы, на два, на чатыры… Аднак тое, што апярэджанне ёсць – гэта адназначна. І цяпер задача адна – каб гэты добры тэмп, які ўзялі на этапе падрыхтоўчай працы, захаваць».

Спадар Бондар кажа, што катлаваны – гэта толькі падрыхтоўчая праца да будаўніцтва. Цяпер вядзецца работа для атрымання ліцэнзіі на ўзвядзенне беларускай АЭС, пасля чаго распачнуцца працы над падмуркам станцыі. Гэта і будзе пачаткам асноўнага этапу будаўніцтва. Адмысловец зазначае, што заліванне першага бетону ў падмуркавую пліту рэактару мусіць распачацца з сярэдзіны чэрвеня.

Эканаміст Леанід Заіка лічыць, што пры будаўніцтве атамнай станцыі імкненне апярэдзіць графік – небяспечнае. «За апярэджаннем у працах на катлаване пойдзе гонка за часам у заліўцы бетону… Гэта – савецкая практыка. Чарнобыльскую станцыю дык на паўгода раней пабудавалі… Гэта як у спешцы насіцца з гэтым бетонам? Вы скажыце тым жа амерыканцам, давайце мы вам на 4 месяцы раней вырыем катлаван пад атамную станцыю. Што яны вам скажуць? Ідзіце вон, дурні! Калі ж усё ўжо разлічанае, то навошта тады лагістыка, навошта адмыслоўцы ў тэхналогіях? Навошта замовы рабіць паводле часу? Калі дрэнна спланавалі ўсе пастаўкі, лагістыку, то, значыць, трэба сыходзіць з пасады… Гэта цалкам савецкі падыход, калі вырашаюць рабіць раней».

Беларуская АЭС у Астраўцы мусіць паўстаць не пазней 2018 года. Канчатковае рашэнне наконт яе будаўніцтва прыняў Савет бяспекі Беларусі ды падпісаў Лукашэнка ў 2008 годзе.

Рашэнне наконт будаўніцтва АЭС у Астраўцы выклікала хвалю абурэння беларускіх і міжнародных экалагічных арганізацыяў.

Кастусь Будчак, belsat.eu

Стужка навінаў