Рональд Пофаля: Дзеянні Лукашэнкі нельга зразумець і апраўдаць


“Еўрапейскай трагедыяй” назваў прэзідэнцкія выбары ў Беларусі кіраўнік ведамства федэральнага канцлера Нямеччыны – міністр асаблівых даручэнняў Рональд Пофаля.

У інтэрв’ю нямецкаму часопісу “Focus”, фрагменты якога прыводзіць агенцтва DTS, Пофаля зазначыў, што людзей, якія выступілі за свабоду і дэмакратыю, “збілі дручкамі, знявечылі ды кінулі ў турму”. Паводле яго, выбар Аляксандрам Лукашэнкам шляху гвалту “нельга зразумець і апраўдаць”.

Пофаля падкрэсліў, што ў межах Еўразвязу Нямеччына “выкарыстоўвае ўсе магчымыя дзеянні і не будзе мірыцца з тым, што ў сэрцы Еўропы парушаюцца правы чалавека”. “Таму мы мусім, у прыватнасці, вярнуцца да забароны на ўезд і мэтанакіраваных санкцыяў”, – заявіў кіраўнік ведамства Ангелы Мэркель.

31 студзеня міністры замежных справаў краінаў Еўразвязу разгледзяць пытанне аб санкцыях у адносінах Беларусі. У сувязі з гэтым Пофаля заклікаў да адзінай лініі паводзінаў: “Мы мусім выкарыстаць такія структуры, як ЕЗ, Раду Еўропы і АБСЕ, каб дзеяць разам”.

Прадстаўнік нямецкіх уладаў ізноў запатрабаваў ад Лукашэнкі вызваліць палітзняволеных. “Першым крокам мае стаць прынамсі забеспячэнне неадкладнага і бесперашкоднага доступу да іх адвакатаў і сваякоў, а таксама поўнае медычнае забеспячэнне”, – сказаў Пофаля.

У пачатку лістапада Рональд Пофаля наведаў Менск. Ён заявіў, што адносіны Беларусі з Еўропаю будуць залежаць ад таго, наколькі прэзідэнцкія выбары ў краіне пройдуць сумленна і свабодна. Пры гэтым, паводле ягоных словаў, Беларусь, як і раней, далёкая ад свабодных выбараў “у тым сэнсе, як мы гэта разумеем”.

6 студзеня ў тэлефоннай гутарцы з лідарам руху “За Свабоду” Аляксандрам Мілінкевічам кіраўнік ведамства федэральнага канцлера заявіў, што пазіцыя Нямеччыны ў дачыненні беларускіх вязняў сумлення застаецца нязменнаю: усіх іх мусяць вызваліць у адпаведнасці з прынцыпамі прававой дзяржавы, а сваякі павінны мець магчымасць наведаць іх.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары