Дзень міліцыі ў ценю катаванняў


Сёння беларускія міліцыянты адзначаюць сваё прафесійнае свята. Напярэдадні ў сталіцы адбыўся канцэрт, а сёння раніцаю – урачыстае ўскладанне кветак да манументу загінулым на службе працаўнікам праваахоўных органаў. Што праўда, незалежных журналістаў міліцыянты на сваё свята не пусцілі, тым самым пацвердзіўшы сваю прынамсі неадназначную рэпутацыю ў грамадстве. Між іншым гэты святочны дзень плямяць адзінкавыя факты катаванняў у дачыненні затрыманых, а таксама ўдзел праваахоўнікаў у палітычным пераследзе апанентаў уладаў.

{movie}Андрэй Бандарэнка ў “Гарачым каментары” |right|9497{/movie}

Паводле праваабаронцы і дырэктара інфармацыйна-асветніцкай установы “Платформа” Андрэя Бандарэнкі, сёння выдатны дзень, каб нагадаць працаўнікам міліцыі пра іхныя наўпроставыя абавязкі. Адмысловец падкрэслівае: нельга казаць, што большасць міліцыянтаў займаецца пераследам апазіцыі або схільная да катаванняў, але шматлікія факты перавышэння паўнамоцтваў і палітычнай заангажаванасці кажуць аб процьме праблемаў у айчынным МУСе.

“Міліцыя спрабуе максімальна замоўчваць такія выпадкі або зрабіць усё, каб супрацоўнікі сышлі ад адказнасці. Да прыкладу, сітуацыя з Васілём Сарочыкам, ахоўнікам менскай аўтастаянкі, з катаваннямі ў РАУС Маладзечна, з катаваннямі ў Лідзе – гэта ўжо дастаткова гучныя выпадкі, калі працаўнікам Следчага камітэту і ўвогуле ўсёй структуры МУС трэба тэрмінова трэба рэагаваць на гэтыя факты”, – кажа Андрэй Бандарэнка.

Аднак у выпадку са збіццём Васіля Сарочыка, крымінальную справу прыпынілі, усе ж астатнія выпадкі не проста замоўчваюцца, а нават адкрываюцца крымінальныя справы супраць пацярпелых.

Тым часам самога спадара Бандарэнку могуць абвінаваціць у паклёпе на міліцыю. Паводле яго, цікавасць праваахоўных органаў звязана з інфармацыяй пра супрацьпраўныя дзеянні з боку міліцыі ў дачыненні да жыхароў Ліды Івана і Багдана Шкурко, размешчанай 19 лютага на сайце арганізацыі.

Сам ён упэўнены, што ніякіх прававых падставаў для абвінавачання яго ў паклёпе няма: “Каб абвінавачваць у паклёпе, спачатку трэба даказаць сам яго факт, правесці адпаведнае правяранне. Але ж пра здзекі заяўляюць самыя пацярпелыя. З юрыдычнага пункту гледзішча прэтэнзіі да мяне – глупства”.

У.Ш., belsat.eu

Стужка навінаў