Беларусь працягвае вучыць Еўразвяз і ЗША правам чалавека


Не паспела Еўропа забыцца на нядаўні даклад МЗС «Парушэнні правоў чалавека ў асобных краінах свету ў 2012 годзе», як беларуская дыпламатыя нанесла чарговы ўдар ідэалагічным ворагам.

Гэтак, прадстаўнік галоўнага кіраўніцтва шматбаковай дыпламатыі МЗС Яўген Лазараў заклікаў ААН звярнуць увагу на санкцыі ў дачыненні шэрагу краінаў з боку ЕЗ і ЗША. Ён нагадаў, што афіцыйны Менск налічыў ажно 200 сур’ёзных парушэнняў як у Аб’яднанай Еўропе, гэтак і ў ЗША ды нават Канадзе. Лазараў бачыць тут падвойныя стандарты, бо мала хто, апроч беларускага МЗС гэтак глыбока глядзіць у корань праблемы правоў чалавека, маўляў, толькі і ўмеюць, што звяртаць увагу на сітуацыю ў Азіі, Афрыцы ды Беларусі.

«Татальная залежнасць кіраўніцтва [Кіраўніцтва Вярхоўнага камісара ААН правоў чалавека – belsat.eu] ад фінансавання з боку ЕЗ і ЗША фактычна паралізуе ягоную працу, вымушае прасоўваць міжнародную павестку дня гэтых краінаў, асноўным элементам якой традыцыйна ёсць шантаж і запужванне» – сарваў пакровы з заходніх дэмакратыяў спадар Лазараў.

Беларускі дыпламат зазначыў таксама гатоўнасць Беларусі прыйсці на дапамогу Вярхоўнаму камісару і разам выяўляць парушэнні правоў чалавека. Сярод парушэнняў, якія зафіксаваў МЗС – няроўныя правы для кандыдатаў на прэзідэнцтва ў ЗША, павелічэнне колькасці мужчынаў, пацярпелых ад сексуальнага гвалту ў Швецыі, рост самагубстваў у Польшчы ды іншыя не менш аб’ектыўныя назіранні беларускіх дзяржаўных абаронцаў правоў чалавека.

У.Ш., belsat.eu

Стужка навінаў