У Літве набывае папулярнасць хор бяздомнікаў


Другі шанец для людзей, якім пашчасціла ў жыцці менш, чым іншым! У суседняй Літве набірае папулярнасць хор, склад якога, а таксама і прафесіяналізм уразілі не толькі бывалых артыстаў, але і гледачоў.

Апусці свае вочы, маўчы і не думай – так пачынаецца песня, якая на літоўскім тэлебачанні зрабіла сапраўдны фурор. У першым туры міжнароднага конкурсу “Вайна хароў” трупу “Прамень” адзінагалосна прызналі пераможцамі і гледачы, і журы.

Толькі пазней стала вядома: тыя, хто здзівіў выбітнаю сцэнаграфіяй ды бездакорнымі спевамі, у жыцці – сапраўдныя бяздомнікі.

{movie}Бяздомны аркестр|right|9486{/movie}

СТАНА (СТАНІСЛОВАС СТАВІЦКІС), ЗАСНАВАЛЬНІК ПРАЕКТУ:

“Не той бесхацінец, хто не мае хаты, а той, у каго ў сэрцы пуста. Сэрцы гэтых людзей гараць”.

Ідэя вывесці на сцэну людзей, якіх жыццё ў пэўным сэнсе крыху абдзяліла, прыйшла ў галаву вядомай у Літве поп-зорцы Станісловасу Ставіцкісу. У поспех праекту Стана, як яго тут называюць, верыў з самага пачатку.

СТАНА (СТАНІСЛОВАС СТАВІЦКІС), ЗАСНАВАЛЬНІК ПРАЕКТУ:

“Ні грошы, ні нейкія іншыя матэрыяльныя аспекты не дадуць чалавеку натхнення. Самае галоўнае для чалавека – што ў яго вераць. Пазней ён пачынае верыць сам у сябе, і тады адпадае пытанне, ці прыйдзе ён на рэпетыцыю”.

Удзельнікаў праекту Стана шукаў асабіста: на вуліцах ды ў начлежках. Спачатку бяздомныя глядзелі на яго з недаверам, але ў выніку патрэбная колькасць ахвотных, а гэта 25 асобаў, назбіраліся.

ХАРЫСТЫ:

“Я пайшоў не дзеля выйгранкі – я пайшоў, каб паказаць сябе, каб паказаць, чаго я варты і чаго я дасягнуў у гэтым жыцці. Не для таго, каб штосьці выйграць”.

“Хор змяняе жыццё да лепшага, штосьці новае, цікавае. Хочацца, каб адчулі, што мы камусьці цікавыя, патрэбныя”.

Але зрабіць гэта было няпроста. Праца над праектам, дакладней, склад удзельнікаў трымаўся ў сакрэце: арганізатары не хацелі, каб да выступу групы гледачы і журы загадзя зрабілі свае высновы. Рэпетыцыі былі фактычна як у прафесійных артыстаў: штодня па 3 гадзіны заняткаў са сцэнографам ды яшчэ столькі ж – з хормайстрам. Рыхтаваць вулічных вакалістаў Стана запрасіў толькі блізкіх сяброў.

МАНТАС КАРПОВІЧУС, ХОРМАЙСТАР:

“Не спалохаўся, бо я веру ў людзей, і тут не толькі рэпетыцыі спеваў адбываюцца. Я ім кажу і пра жыццё, як я яго разумею. Спевы – гэта не толькі голас, гэта думка. Калі ты думаеш правільна, то і спевы прыгожыя”.

Дзякуючы такому падыходу праект і атрымаў велізарную папулярнасць. Наперадзе другі тур “Вайны хароў”. Далей Стана збіраецца зарганізаваць гастролі ды нават абяцае завітаць у Беларусь.

Сяргей Марчык, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў