Што нясе за сабою ўвядзення еўра ў якасці нацыянальнай валюты? Прыклад Славаччыны


Славаччына 4 гады таму далучылася да Еўразоны. Гэтак Браціслава развіталася з уласнаю манетарнаю палітыкаю і выяваю нацыянальных герояў на банкнотах, але што атрымала ўзамен?



Сюжэт пра тое, як жыве Славаччына з еўра, зрабіў карэспандэнт «Белсату» Алесь Сіліч для праграмы «ПраСвет», якая выходзіць на канале штопятніцу а 20:30. Паглядзець яе можна он-лайн у часе выдання і пасля трансляцыі на белсатаўскай старонцы ў раздзеле «Нашыя праграмы».

{movie}Што дало Славаччыне ўвядзенне еўра? (“Прасвет”) |right|9479{/movie}

Нацыянальны банк Славаччыны сцвярджае, што ўвёўшы еўра, краіна не прайграла. Акрамя наўпроставых пераваг, такіх, як эканомія на абменных курсах пры правядзенні ўгодаў, большая празрыстасць коштаў і спрашчэнне падарожжаў грамадзянаў, існуюць яшчэ і ўскосныя, самая галоўная з якіх – рост замежных інвестыцыяў.

Некаторыя замежныя інвестыцыі прыйшлі ў Славаччыну непасрэдюна перад увядзеннем еўра, і адна з прычынаў іх прыходу, як нам бачыцца, у тым, што інвестары зразумелі: нашая краіна пасля ўвядзення еўра стане больш спрыяльнаю для вядзення бізнесу”, – сказаў Марцін Шустэр з Нацыянальнага банку Славаччыны.

У сувязі з увядзеннем еўра цягам наступных 20 гадоў у краіне чакаецца рост інтэнсіўнасці гандлю ажно на 50 %, а Валавога нацыянальнага прадукту – мінімум на 10 %.

Працаваць з адзінаю еўрапейскаю валютаю падабаецца не толькі замежным інвестарам, але і шмат якім унутраным вытворцам, асабліва тым, хто працуе для вонкавага пакупніка, напрыклад, заводу “Volkswagen” у Браціславе.

Абсалютная большасць нашай прадукцыі ідзе на экспарт, і калі мы працавалі са славацкаю кронаю, якая была не вельмі стабільнаю, перажываючы то ўзлёты, то падзенні, нам было нялёгка было рабіць доўгатэрміновыя планаванні. З еўра – зусім іншая справа”, – падкрэсліў менеджар “Volkswagen Slovakia” Владзімір Махалік.

Праўда, адзіная еўрапейская валюта нясе эканоміцы незалежнай краіны не толькі перавагі, але і страты, сярод якіх адсутнасць уласнай манетарнай эканамічнай палітыкі ды немагчымасць упарадкоўваць узроўні адсоткавых ставак і абменных курсаў. Прысутная тут і сацыяльна-палітычная страта: жыхары Славаччыны больш не бачаць на новых банкнотах сваіх нацыянальных постацяў. Ад увядзення еўра зменшыўся таксама нацыянальны бюджэт Славаччыны, праўда, толькі 0,3 % ВУП, якія, паводле Нацыянальнага банку, з лёгкасцю будуць пакрытыя ў сотні разоў, бо еўра – гэта гарант стабільнасці.

М.Я., belsat.eu

Стужка навінаў