Уладзімір Някляеў: Калі знікне беларускае слова – беларусы знікнуць з мапы свету


Лаўрэат II літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца Уладзімір Някляеў лічыць, што беларуская літаратура застаецца гарантам захавання беларусаў як нацыі.

Уладальнік літаратурнай прэміі атрымаў сертыфікат на € 10 тыс. (прыкладна Br 113 млн.) ад спонсара – польска-беларускага «ІдэаБанку» (былы «Сомбелбанк») і магчымасць апублікаваць раман-пераможцу «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» у часопісе вроцлаўскага фонду «Калегіум Усходняй Еўропы».

{movie}Някляеў: Знікне беларускае слова — знікнуць беларусы|right|9478{/movie}
Калі знікне беларуская слова, то беларусы знікнуць з мапы свету, нібы іх і не было, лічыць Някляеў. Паводле літаратара, захавальнікі беларускага слова – гэта літаратура і пісьменнікі. «Літаратура – гэта падмурак нашай культуры, на якім усё трымаецца. Гэта як зямля, з якой вырастае ўсё астатняе мастацтва», – адзначыў пісьменнік.

На ягоную думку, актыўная літаратурная дзейнасць – шанец захавання беларусаў як нацыі. «Мы толькі тады можам застацца, калі прарвёмся ў Еўропу, у свет з чымсьці сваім, – мяркуе Някляеў. – З чым мы можам прарвацца: з «мазамі», трактарамі, з чым? Вядома, толькі з культурай, і ў першую чаргу з літаратурай, таму што яна – базіс усёй нашай культуры. Тое, што сёння робіцца ў нашай краіне, – гэта страшна, і я буду гэтаму супрацьстаяць не толькі ў палітыцы, але і ў культуры».

Уладзімір Някляеў падкрэсліў, што грашовая прэмія за яго творчасць «вернецца ў літаратуру». Паводле яго, ёсць шмат кніг, на якія няма сродкаў, але іх трэба выдаць, і гэта не толькі творы Някляева.

Пісьменнік плануе і надалей займацца прозаю, бо сучаснасць не матывуе да складання вершаў: «Сённяшні жорсткі і каструбаваты час цяжка ўмясціць у вершы. Спрабаваць пранікнуць у гэты свет з дапамогай вершаў – гэта як крышталёвай вазай біць у сцяну. Тут патрэбен больш сур’ёзны інструмент, якім з’яўляецца проза».

Літаратурную прэмію імя Ежы Гедройца заснавалі ў 2011 годзе амбасада Рэспублікі Польшча ў Беларусі, Польскі інстытут у Менску, Беларускі ПЭН-Цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў.

Назвалі прэмію ў гонар нарадзінца Менску, польскага публіцыста і палітыка Ежы Гедройца, які ў сваёй культурнай дзейнасці быў паслядоўным прыхільнікам добрасуседскіх адносінаў паміж Польшчаю ды Беларуссю, Літвой і Украінаю.
Летась лаўрэатам прэміі стаў Павал Касцюкевіч за кнігу прозы «Зборная Рэспублікі Беларусь па негалоўных відах спорту».

Максім Ярашэвіч, belsat.eu
https://youtu.be/4uhC0CRjNZI

Глядзі таксама
Каментары