Лукашэнка страшыць топ-мэнэджараў і чыноўнікаў турмамі ды… расстрэлам?


“Калі не можаце [вырашыць пытанне. – belsat.eu] самі, здыміце слухаўку, і да вечара была б рэзалюцыя прэзідэнта, якую Валерый Вакульчык (кіраўнік КДБ) з кулямётам выканаў бы або міністр унутраных справаў. На вашых вачах раскрадаюць грошы, а вы спакойна да гэтага ставіцеся”, – заявіў Лукашэнка, звяртаючыся да кіраўніка Дзяржкантролю і да прэм’ер-міністра краіны.

Гнеў кіраўніка дзяржавы выклікала інфармацыя пра тое, што буйныя прадпрыемствы, такія, як “Беларуськалій”, “Берасцеэнерга” і “Горадняэнерга”, значныя сродкі скіроўваюць на добраахвотнае страхаванне дадатковых пенсіяў. Пры гэтым карыстаюцца паслугамі прыватных кампаніяў. Гэтак, паводле інфармацыі камітэту Дзяржкантролю, дзякуючы такім уліванням уладальнікі прыватнай кампаніі “Беларускі народны страхавы пенсіённы фонд” у 2012 годзе атрымалі Br 3 млрд дывідэндаў.

Вазьміце на кантроль, каб грошы гэтыя, дывідэнды, былі вернутыя. Думаю, вы гэта вырашыце цягам першага кварталу”, – дадаў Лукашэнка. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы загадаў “навесці парадак” з выдаткоўваннем сродкаў дзяржпрадпрыемстваў. “Не вырашыць – Кірыенку [кіраўнік “Беларуськалію”. – belsat.eu] у камеру. Следам – міністра”.

Віцэ-прэм’еру Анатолю Калініну Лукашэнка закінуў пераўтварэнне будаўнічай галіны ў “мафіёзную будаўнічую структуру”: “Таго, хто будуе вялікі аб’ект за дзяржаўныя грошы, можна адразу саджаць у турму, не праводзячы следчых дзеянняў”.

Паказальная порка ці спроба навесці парадак?

Палітолаг Валер Карбалевіч. Фота belsat.euПалітолаг Валер Карбалевіч. Фота belsat.euПублічныя пагрозы на адрас чыноўнікаў з боку кіраўніка дзяржавы – даўно не навіна для беларусаў. Падобныя нарады нярэдка паказваюць на дзяржтэлебачанні.

“У гэтага “разносу” шмат функцыяў. Гэта і дэманстрацыя грамадству, што “Лукашэнка-бацька” ўважліва сочыць за ўсім, што ён дбае пра народ і таму выкрывае ўсялякія недахопы, – гаворыць палітолаг Валер Карбалевіч. – Па-другое, калі сітуацыя ў краіне дрэнная, то трэба знайсці вінаватых. Як звычайна, урад – “дзяжурны вінаваты”.

Пры гэтым Валер Карбалевіч зазначае, што з дапамогаю такіх публічных “разносаў” Лукашэнка сапраўды спрабуе стымуляваць працу чыноўнікаў. “Аднак трэба мець на ўвазе, што ў Беларусі ўрад – “тэхнічны”, ён не вызначае эканамічнае палітыкі, а выконвае толькі той эканамічны курс, які вызначыў кіраўнік дзяржавы. І ў гэтым сэнсе ад самога ўраду не шмат залежыць, – дадаў Валер Карбалевіч. – Урад спрабуе дзеяць з гледзішча эканамічнай логікі. А Лукашэнка працягвае праводзіць палітыку з гледзішча палітычнай логікі. І разрыў паміж гэтымі логікамі ўсё большы”.

Міхась Ліхтаровіч, belsat.eu

Стужка навінаў