Ільготныя крэдыты на жытло: недаступныя і бязлітасныя


Нашая дзяржава прапагандуе сябе як сацыяльна арыентаваную. У Беларусі захаваліся так званыя «ільготныя» крэдыты на набыццё ці будаўніцтва жытла. Але варта прыгледзецца да стандартных крэдытных ставак у нашых суседзяў – і відавочнаю стане дарагоўля айчынных крэдытаў «з палёгкаю», не гаворачы ўжо аб прапановах звычайных крэдытаў.

Мінулым тыднем «Беларусбанк», «Белінвестбанк» і «Белаграпрамбанк» пахваліліся зніжанымі стаўкамі па крэдытах для грамадзянаў, што стаяць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоваў. Яны атрымаюць крэдыт са стаўкаю 12–16 %.

Хто мае права на ільготны крэдыт?

– вайскоўцы, працаўнікі Следчага камітэту і МУС, Камітэту дзяржаўнага кантролю, МНС;

– суддзі, пракурорскія працаўнікі; – інваліды з дзяцінства або І ці ІІ групаў ды іхныя сем‘і;

– шматдзетныя сем’і; – пацярпелыя ад аварыі на ЧАЭС, ліквідатары;

– ветэраны баявых дзеянняў;

– лаўрэаты адмысловага фонду прэзідэнта;

– грамадзяне, што больш за 10 гадоў жывуць у інтэрнатах, памяшканнях дзяржаўнага фонду.

Аднак на мінімальныя гадавыя могуць прэтэндаваць толькі тыя з пералічаных, што аплацяць першы ўнёсак памерам 25 % ад кошту аб’екту. Узровень прыбыткаў не ўплывае на магчымасць атрымаць права на ільготнае крэдытаванне.

Для тых жа, хто не стаіць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоваў, стаўка застаецца такой жа высокаю – 35 % гадавых. Тэрмін крэдыту ў параўнанні з суседзямі дастаткова кароткі: пазыку трэба вярнуць цягам 20 гадоў максімум.

Пры гэтых і без таго сумнеўных палёгках чыноўнікі мяркуюць, што людзі зашмат разлічваюць на дапамогу дзяржавы. Міністр архітэктуры і будаўніцтва Анатоль Нічкасаў перакананы, што насельніцтва падсела «на іголку ільготнага крэдытавання».

Болей за тое, чыноўнікі маюць намер адсочваць тых, хто набыў жытло па ільготным кошце і затым пачаў здаваць яго ў арэнду. «Калі грамадзяне здаюць гэтае жытло ўнаём і пры гэтым маюць другаснае жытло, то яны будуць або плаціць падаткі, або будуць вымушаныя вярнуць ільготныя крэдыты», – папярэдзіў намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Калінін.



А як у суседзяў?

Велічыня крэдыту спазнаецца ў параўнанні. Масквічы і без зніжак могуць разлічваць на крэдыт каля 15 %. Расейскія банкі прапаноўваюць пакрыць да 90 % кошту дарагой маскоўскай жылплошчы.

У суседняй Літве дзеля атрымання крэдыту пад 3 % гадавых зусім неабавязкова даказваць сваю прыналежнасць да якой-кольвек ільготнай катэгорыі. Хоць краіна пакуль не дасягнула заходнееўрапейскага ўзроўню дабрабыту, яна праз банкі гарантуе пакрыццё да 85 % ад кошту жытла. Напрыклад, сям’я з дзвюх асобаў, што атрымліваюць сярэдні для Літвы заробак, € 600, можа разлічваць на крэдыт памерам € 60 тыс. тэрмінам на 30 гадоў. Гэтае сумы будзе дастаткова для набыцця новай двухпакаёвай кватэры ў Вільні, а стаўка буйнога літоўскага банку складзе 2,6 % гадавых.

Такія нізкія стаўкі па крэдытах сталі б сапраўдным дамоклавым мячом для беларускіх банкаў. Улічваючы, што жыллёвыя крэдыты заключаюцца на фіксаваную суму ў беларускіх рублях і не мяняюцца ў залежнасці ад змены ставак рэфінансавання, бесперапынная інфляцыя «з’ела» б гадавы прыбытак, паступова абясцэньваючы банкаўскую пазыку.

Аляксандр Лукашэнка: на 5%-выя крэдыты можаце не спадзяваццаАляксандр Лукашэнка: на 5%-выя крэдыты можаце не спадзяваццаТаму і кіраўнік краіны перакананы, што 5%-выя крэдыты нават для грамадзянаў з патрэбаю ў жытле – з разраду фантастыкі. «Трэба адкінуць надзеі на тое, што дзяржава ўсім пабудуе жытло, кватэры, дамы, роўна як і на тое, што дзяржава ўсім дасць ільготныя крэдыты пад 5 %», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка мінулае восені падчас нарады, прысвечанай развіццю жыллёвага будаўніцтва ў Менску.

Сітуацыя на беларускім рынку жытла застаецца парадаксальнаю: нерухомасць у сталіцы – адная з найтаннейшых у Еўропе; з іншага ж боку, лідарства ў антырэйтынгу еўрапейскіх заробкаў не дазваляе беларусам набываць і гэтае адносна таннае жытло. Умовы ільготнага крэдыту, а тым болей крэдытавання без зніжак, застаюцца самымі складанымі ды нестабільнымі сярод краінаў-суседак.

Настасся Яўмен, belsat.eu

Стужка навінаў