Ірына Дубянецкая: Перамены ў Касцёле чакаюцца


Пасля сыходу Бэнэдыкта XVI кардыналы рыхтуюцца да абрання новага галавы Каталіцкага Касцёлу. Пра выклікі сучаснасці ў дачыненні яго і беларускі сцэнар з новым Пантыфікам разважае ў праграме «Размова Жбанкова» доктар тэалогіі Ірына Дубянецкая.

Спадарыня Дубянецкая мяркуе, што пастанаўленне Папы сысці было цалкам узважанае і самастойнае. Тэолаг падкрэсліла, што пры абвешчанні рашэння Бэнэдыкта XVI шок можна было назіраць на тварах самых блізкіх да яго асобы ерархаў. Госця «Белсату» выключае нейкі ціск ці ўплыў на Бэнэдыкта XVI, які б змусіў яго падацца на адпачынак.

«Выклікі ХХІ стагоддзя цалкам іншыя, з якімі сутыкалася чалавецтва дагэтуль. Часта людзі кажуць у дакор любой царкве, не толькі каталіцкай, што на пытанні ХХІ стагоддзя даваць адказы ужо не выпадае», – падкрэсліла адмыслоўца. Грамадства часам рухаецца нашмат шпарчэй за асэнсаванне цывілізацыйных зрухаў і зменаў любой царквою. У выніку атрымліваецца разрыў паміж грамадствам і царквою, што не ёсць праблемаю толькі Каталіцкага Касцёлу.

Заўважальнасць гэтага разрыву менавіта ў Каталіцкім Касцёле, паводле спадарыні Дубянецкай, сведчыць пра максімальную адкрытасць Касцёлу на грамадства: «Чым больш закрытая структура, тым менш відаць, што ў ёй адбываецца, прычым у іншых цэрквах дакладна тыя самыя праблемы, але яны стараюцца іх прыхоўваць».

Усе скандалы ў Касцёле не хаваліся. Прынеслі прабачэнні за ўчынкі святароў-педафілаў таксама публічна, зрабілі жэсты, што кепскія ўчынкі асобных людзей не азначаюць, быццам уся сістэма веры і Касцёлу кепская, падкрэсліла адмыслоўца. Хоць Бэнэдыкт XVI і працягнуў палітыку Яна Павала ІІ браць адказнасць і выбачацца за памылкі Касцёлу ў гісторыі, гэтага ўжо недастаткова, упэўненая спадарыня Дубянецкая.

«Зараз варта чакаць пераменаў. Сучасныя людзі ў Касцёле адчуваюць вастрэй, што трэба нешта рабіць з выклікамі ХХІ стагоддзя. ХХІ стагоддзе бачыць рэчы крыху па-іншаму і патрабуе нечага іншага», – мяркуе знаўца. Перамены ў Касцёле будуць абавязкова, незалежна ад іх памераў.

Сітуацыя Касцёлу ў Беларусі будзе залежаць ад асобы новага Папы і ягоных зацікаўленасцяў, зазначае госця «Белсату». Паводле яе, неабходны большы дыялог паміж Каталіцкім Касцёлам і Беларуссю. Два апошнія Папы былі гатовыя наведаць Беларусь, але гэтая сітуацыя развязваецца не ў самой Беларусі, а ў іншых цэнтрах, што зноў жа сведчыць пра метады і сродкі зусім не ХХІ стагоддзя.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары