У Горадні змянілі вынікі паўстання 1863 года. Першая беларуская настольная гульня


У першым публічным раўндзе гульні «Паўстанцы» перамаглі каліноўцы! 28 лютага ў Горадні адбылася прэзентацыя настольнай забаўкі. Карэспандэнтка «Белсату» стала «ахвяраю» на шляху да перамогі народных рэвалюцыянераў.

«Разнеслася чутка, што сёння ноччу пачалося паўстанне!», – вядоўца і аўтар гульні Антон Янкоўскі ператасаваў таллю картаў.

Часткова правілы першай беларускай настольнай гульні пазычылі з папулярнай «Мафіі». Кожны ўдзельнік мусіць выцягнуць картку з роляю, што будзе выконваць да канца і мусіць захаваць у таямніцы ад іншых.

У нашым коле – 3 паўстанцы, 3 царскія службоўцы і 6 простых беларусаў. Мне давялося быць цёткаю Тэкляю, мясцоваю швачкаю, якая дачакалася з бою свайго сына жывым.

«Беларусы сталі на бок Кастуся Каліноўскага. Задача першага дня – знайсці і забіць царскіх жаўнераў!», – абвесціў вядоўца. Удзельнікі выказваюць свае версіі імаверных гульцоў-службоўцаў цара і галасуюць супраць яго. Асаблівасць «Паўстанцаў» – будучыню гістарычнага персанажа пасля галасавання вырашаюць карты з таллі «Лёс». «Шыбеніца» і «Расстрэл» – выбывае з гульні, «Бой» – пазбаўляецца права голасу на наступным коле, «Пушча» – становіцца недатыкальным на адзін ход, «Медаль» – мяняе ролю, «Газета» – мяняе кірунак гульні.

Другі ход – удзельнікам неабходна забіць касінера. Шкодзіць паўстанцам мне, беларускай патрыётцы, было няёмка. Але правілы гульні патрабавалі назваць імя магчымага бунтара з народу. Пасля галасавання і лёсавання выявілася, што забілі зноў не таго, на каго палявалі. З гульні выйшаў Васіль – «сляпы вандроўны музыка, які складае балады пра гераічныя ўчынкі паўстанцаў ды спявае пра іх у наваколлі».

На сваім шляху да перамогі паўстанцы і жаўнеры забілі добрую палову мірных беларусаў. Выбылі Дзядзька Сцяпан – «заможны селянін, які мае ладны кавалак зямлі, але вялізныя падаткі вымушаюць прыняць удзел у паўстанні» і Дзядзька Лявон – «вандроўны чалавек, які разносіць па сёлах і гарадах навіны пра паўстанне, магчыма нават «Мужыцкую праўду». На адным з хадоў касінеры ў пагоні за жаўнерамі прагаласавалі супраць мяне. Не выратавала і талля «Лёс» – мне выпала «Шыбеніца».

Як каліноўцы пазбавіліся генерала Міхаіла Мураўёва-вешальніка, зала пляскала ў далоні. Не меншыя авацыі гучалі пасля расправы над губернатарам Горадні ў 1863 годзе Іванам Скварцовым і генералам Уладзімірам Назімавым. Калі ўсе ўдзельнікі раскрылі карты, выявілася, што насуперак гісторыі героямі-пераможцамі з паўстання выйшлі Кастусь Каліноўскі ды ягоныя паплечнікі Валер Урублеўскі і Людвік Нарбут. У гульнёвай рэвалюцыйнай завірусе таксама выжылі Дзед Апанас, «які прайшоў шмат войнаў, да яго меркавання наконт паўстання прыслухоўваюцца многія» ды Цімох, «малады мужчына з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, які канчаткова вырашыў прыняць удзел у паўстанні».

«На сёння паўстанне скончылася! Праз 2 дні едзем паўставаць у Менск!», – падвынікаваў гульню Антон Янкоўскі.

Прэзентацыя гульні «Паўстанцы» ў сталіцы запланавалі на 2 сакавіка. Пачатак а 18:00 у кнігарні «Логвінаў».

Спецыяльна для belsat.eu у «Паўстанцаў» гуляла Аліна Каранкевіч

Стужка навінаў