Алег Гайдукевіч зняпраўдзіў прарасейскасць Ліберальна-дэмакратычнай партыі


На партыю пастаянна навешваюць ярлыкі, хоць яе сябры «бачаць Беларусь у цэнтры Еўропы, а не часткаю Расеі», паведаміў намеснік старшыні ЛДП Алег Гайдукевіч.

Паводле спадара Гайдукевіча, ЛДП называюць прарасейскаю партыяй: «Мы прабеларуская партыя. Мы выступаем за суверэнітэт Беларусі, ніколі не падтрымаем захадаў, якія будуць пагражаць яго стратаю». Ён не адмаўляе, што партыя гаворыць пра неабходнасць увесці адзіную валюту ў межах Мытнага Саюзу: «Мы ж не гаворым, што гэта мусіць быць абавязкова расейскі рубель. Галоўнае, каб гэта вяло да дабрабыту народу».

Намеснік старшыні ЛДП адзначыў, што партыя «не на словах, а на справе падтрымлівае беларускую мову: «Вядома, мы не размаўляем на ёй пастаянна, але пачынаем на ёй размаўляць. Гэта ж адбываецца і ўва ўсёй краіне, не ўсе размаўляюць на беларускай мове».

Пры гэтым спадар Гайдукевіч паведаміў, што прадстаўнікі ЛДП пачалі паездкі па краінах Еўразвязу. У прыватнасці, ужо адбыўся візіт у Аўстрыю, на чарзе – у Францыю і Нямеччыну. «Мэта паездак – наладжванне дыялогу Беларусі з краінамі Еўропы, пошук пунктаў судакранання інтарэсаў. Беларусь і Еўразвяз павінны размаўляць, але толькі без націску на нашую краіну», – мяркуе прадстаўнік ліберальных дэмакратаў.

20 красавіка адбудзецца з’езд Ліберальна-дэмакратычнай партыі, дэлегаты якога вылучаць свайго лідара Сяргея Гайдукевіча прэтэндэнтам у кандыдаты на пасаду прэзідэнта.

На думку сына і намесніка старшыні партыі Алега Гайдукевіча, у прэзідэнцкіх выбарах будуць браць удзел толькі два кандыдаты – Сяргей Гайдукевіч і Аляксандр Лукашэнка. «Мы б хацелі, каб сярод кандыдатаў быў яшчэ нехта іншы, але такіх фігураў проста няма. Старым апазіцыйным лідарам даўно час сысці з палітыкі, яны і так ужо прайгралі ўсё, што маглі», – сказаў Гайдукевіч-малодшы.

М.Я., belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў