Юры Гумянюк працаваў на фабрыцы і пачынаў пісаць па-расейску


Цікавыя факты з жыцця беларускага майстра эпатажу распавялі ягоныя сябры і прыхільнікі.

Вечар памяці Юрыя Гуменюка прайшоў у Менску на 40 дзень пасля ягонай трагічнай смерці. Праходзіла імпрэза ў чытальнай зале Беларускага дзяржаўнага архіва-музею літаратуры і мастацтва. Тут цяпер захоўваюцца некаторыя рукапісы Юрыя Гуменюка – у фондзе Таварыства вольных літаратараў, сябрам якога ён быў. Фонд стварылі, дзякуючы каардынатару гэтай літаратурнай суполкі Алесю Аркушу. У ім захоўваюцца рукапісы вершаў і артыкулаў.

Юрый Гумянюк – гарадзенскі паэт і журналіст, трагічна загінуў 19 студзеня гэтага года, на 44-м годзе жыцця, у выніку падзення з балкону 9-га паверха аднаго з гарадзенскіх інтэрнатаў. Гарадзенскі міжраённы аддзел кіраўніцтва Следчага камітэту прызначыў правяранне паводле факту смерці паэта, якое пакуль не скончылі. Следства схіляецца да таго, што гэта было ўсё ж такі самагубства.

На вечар памяці прыйшлі аматары творчасці паэта і літаратары, якія ведалі яго асабіста: Ілля Сін, Юрась Пацюпа, Серж Мінскевіч, Арцём Кавалеўскі, Зміцер Вішнёў, Юрась Барысевіч, Віктар Жыбуль, Аксана Данільчык. Арганізатары (Зміцер Вішнёў і Віктар Жыбуль) паказалі запіс з фестывалю “Art-прагноз”, што ладзіўся ў Віцебску ў 1996 годзе, дзе яшчэ зусім малады Гумянюк чытаў свой верш.

Паэт і мовазнавец Юрась Пацюпа, які добра ведаў Юрыя Гуменюка, распавёў пра іхныя студэнцкія гады ў Горадні. Ва ўніверсітэт яны паступалі разам, але Юры тады не прайшоў паводле конкурсу. Давялося працаваць звычайным рабочым на швейнай фабрыцы. Пасля Гумянюк паступіў на аддзяленне паланістыкі, якое тады толькі адкрылася.

Яны сябравалі ўтрох, з паэтам Андрэем Пяткевічам, і часта збіраліся ў інтэрнацкім пакойчыку, дзе чыталі вершы і планавалі выдаць альманах, які так і не выйшаў, затое маладыя аўтары стварылі верш-гурт “Дыяген”. Дарэчы, дадаў спадар Пацюпа, усе яны пісалі спачатку па-расейску. Перайсці на родную мову цяжэй за ўсіх было Гуменюку, які вырас у горадзе. Юрась Пацюпа таксама заўважыў, што малады паэт “быў шляхетны”, але ў той жа час ужо ў студэнцкія гады паводзіў сябе без паказной сціпласці: “Ён заўжды сябе падаваў так, што нібы вось прыйшоў геній”.

У выдавецтве “Галіяфы” бліжэйшым часам збіраюцца выдаць творы гарадзенскага паэта Юрыя Гуменюка, якія не ўвайшлі ў ранейшыя кнігі. У адным томе будзе проза, у другім – вершы. Пра гэта распавёў дырэктар выдавецтва “Галіяфы” Зміцер Вішнёў.

Прысутныя чыталі вершы Юрыя Гуменюка, а таксама свае ўласныя, прысвечаныя памяці паэта. Арцём Кавалеўскі напісаў верш літаральна за гадзіну да імпрэзы. Ён не ведаў Гуменюка асабіста, але адчуў моцны ягоны ўплыў на сваёй творчасці.

Разважалі і аб прычынах гібелі паэта. “Смерці Гуменюка папярэднічала такая вельмі ціхая, спакойная, побытавая, нікім не заўважаная і вельмі звыклая для беларускай рэчаіснасці драма, калі сапраўды яркі паэт 90-х гадоў раптам адышоў у цень”, – сказаў літаратар і перформер Ілля Сін.

Вядома, што найбольш плённы творчы час Гуменюка прыйшоўся на 1990-ыя гады, а ў 2000-х актыўнае літаратурнае жыццё паэта пачало неяк гібець, у чым, дарэчы, некаторыя шукаюць і прычыны, якія маглі б прывесці да ягонай трагічнай смерці. Падкрэсліў гэта і Ігар Бабкоў: “Я думаю, што Гумянюк памёр крыху раней за сваю фізічную смерць, тады, калі эпоха перастала рэагаваць на ягоны эпатаж, калі прыйшоў гэты тупы, жалезабетонны час – нулявыя гады”.

Зміцер Вішнёў заўважыў, што Саюз беларускіх пісьменнікаў чамусьці не падтрымаў ідэі правесці сустрэчу.

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў