“Сейфавая” прыватызацыя. Што за гэтым хаваецца?


Прыватызацыя – паратунак для айчыннай эканомікі. Улады абвяшчаюць продаж беларускіх прадпрыемстваў, а апазіцыйная Аб’яднаная грамадзянская партыя абмяркоўвае пагрозы, якія ўзнікаюць для будучыні Беларусі з-за непразрыстасці гэтага працэсу. Як жа спыніць “сейфавую” прыватызацыю?

І зноў Аб’яднаная грамадзянская партыя ўзнімае топавую апошнімі днямі тэму прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў.

{movie}”Сейфавая” прыватызацыя|right|9431{/movie}

СТАНІСЛАЎ БАГДАНКЕВІЧ, ЭКС-СТАРШЫНЯ НАЦБАНКУ:

“Галоўнае, што ў нас выклікае непакой тое, што прыватызацыя здзяйсняецца чыноўнікамі ў цішы кабінетаў, без удзелу грамадскасці, без абмеркавання”.

Бацька беларускага рубля перакананы, што народную ўласнасць можна прадаваць, па-першае, толькі з ведама самога народу, а па-другое, толькі стратныя прадпрыемствы. Буйныя ж актывы, якія прыносяць прыбытак, аддаваць немэтазгодна. Аднак у цяперашняга кіраўніцтва Беларусі іншы погляд.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, ПРЭЗІДЭНТ БЕЛАРУСІ:

“Любое прадпрыемства можна прыватызаваць. Любое! “Белкалій”, на які паклалі вока, нафтаперапрацоўванне, МАЗ, БелАЗ – усё можна! Але яно мае вельмі высокую цану”.

На сёння ж кошт прыватызацыйнага пытання – не меншы за 100 мільярдаў долараў. Таму празрыстым мусіць стаць не толькі каму прадаём, але і куды пойдуць сродкі ад продажу. Аб’яднаная грамадзянская партыя прапаноўвае накіраваць іх… пенсіянерам – тым, хто некалі гэтыя прадпрыемствы ствараў. Паводле экспертаў, 75 % атрыманых за прыватызацыю грошай мелі б пайсці ў агульнанацыянальны пенсійны фонд.

ЛЕАНІД ЗАІКА, ЭКАНАМІСТ:

“25 % на стварэнне новых інвестыцыяў. Але ніякіх бюджэтаў, ніякіх праяданняў, ніякага выкарыстання на тое, каб прыкрываць памылкі чыноўнікаў”.

А каб дамагчыся гэткай выгады для народу, трэба зрабіць працэс прыватызацыі адкрытым.

ЛЕЎ МАРГОЛІН, ЭКАНАМІСТ, НАМЕСНІК СТАРШЫНІ АГП:

“Адзінае, што мы можам рабіць цяпер, – гэта падымаць свой голас і прыцягваць увагу насельніцтва да гэтага працэсу. Бо заўтра мы можам прачнуцца, а ўся нашая маёмасць належыць невядома каму і працуе па-ранейшаму неэфектыўна”.

І калі АГП разам з экспертамі здолела распрацаваць канцэпцыю правільнай прыватызацыі, то цяпер засталося распрацаваць і зрэалізаваць праграму народнага падтрымання гэтай ідэі.

Вольга Старасціна, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў