Жыхары дому на Пляханава: Сумняемся, што выбухнуў газ


Выбух адбыўся не на кухні, а ў пакоі, і ніякага падазронага паху газу не было чуваць, кажуць жыхары.

На месцы здарэння працягваюць аднаўленчыя работы і следчыя дзеянні. Высвятляюцца абставіны смерці 2 асобаў, якія загінулі падчас выбуху. Аляксандр, чыя кватэра суседнічае з месцам здарэння, не вельмі верыць у версію выбуху газу: “На другі дзень пасля здарэння, калі Ладуцька сустракаўся з намі ў дзіцячым садку, ён сам сказаў пра тое, што версія выбуху газу пакуль не разглядаецца, бо газавае абсталяванне ў гэтай кватэры ў спраўным стане. Ізноў такі выбух адбыўся не на кухні, якая амаль не пацярпела, а ў пакоі. Калі там столькі газу сабралася, то суседзі мусілі былі пачуць яго пах”.

{movie}Жыхар дому на Пляханава: Сумняюся, што выбухнуў газ|right|9415{/movie}

Аляксандр, які быў знаёмы з загінулым, згадвае яго добра: “Мы ж разам з Ігарам выраслі, у футбол гулялі. Ён не п’яніца, не наркаман, спакойны, ураўнаважаны чалавек”. Загінулы жыў з маці, працаваў на адных з менскіх заводаў, любіў спорт, а летам заўсёды ездзіў на ровары.

Цяпер эвакуяваныя жыхары жывуць у гатэлі “Белдзяржцырку” на вуліцы Якубоўскага. 37 перасяленцаў займаюць 17 нумароў, харчуюцца ў сталоўцы найбліжэйшай сярэдняй школы № 167. Валанцёры Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) падтрымліваюць іх харчамі: тушонкаю, рыбнымі кансервамі, макаронаю, крупамі і гарбатаю.

Пераселены ў гатэль Дзмітрый Мытнік паведаміў: Чырвоны Крыж дапамагаў таксама з пераездам – падалі машыны, міліцыянты і валанцёры падносілі рэчы. Спадар Мытнік згадвае, што эвакуацыя з дому, дзе адбыўся выбух, праходзіла паспешліва: “Міліцыя ўварвалася. Кажа, экстранная эвакуацыя, вымятайцеся адсюль, нічога не браць. Некаторыя паспелі толькі курткі схапіць, а кагосьці і так выгналі”. Потым шмат хто з эвакуяваных без верхняга адзення стаялі на вуліцы, не ведаючы куды падацца. Мянчук адзначыў, што пра начлег у дзіцячым садку паведамілі толькі ноччу: “Прайшло 5 гадзінаў з моманту выбуху, а ў іх раптам з’явілася думка, што нешта можа абваліцца”.

М.Я., belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў