Вучэнні «Захад-2013»: Ад каго будзем адстрэльвацца?


Упершыню ў Беларусі адбудуцца вучэнні з удзелам жаўнераў «еўразійскага НАТО» – Калектыўных сілаў аператыўнага рэагавання краінаў АДКБ. Тое, што вучэнні «Захад-2013» рыхтуюцца ў поўнай таямніцы, выклікае непакой у заходніх суседзяў.

Міністэрства абароны Літвы заклікала Беларусь і Расею да большай адкрытасці вучэнняў –гэта адзначыў міністр абароны Літвы падчас сустрэчы з амбасадарам Беларусі. «Літва хацела б, каб Расея і Беларусь былі больш адкрытымі ды інфармавалі пра запланаваныя па суседству буйныя вучэнні, ды прапаноўвае запрашаць на такія вучэнні назіральнікаў з НАТО», – паведамляюць у міністэрстве абароны Літвы.

Раней кіраўнік польскага МЗС Радослаў Сікорскі заявіў, што гэткія вучэнні правакуюць Польшчу. «Мы вельмі сур’ёзна ставімся да гэтага. Апошнія супольныя вучэнні Расеі ды Беларусі «Захад-2009» былі менавіта правакацыйнымі ў дачыненні Польшчы», – заявіў Сікорскі.

У 2009 годзе, паводле «легенды» вучэнняў, беларускія і расейскія вайскоўцы «вызвалялі» ўзятую ў аблогу «ўмоўным праціўнікам» Калінінградчыну. Паводле непацверджанай інфармацыі, сцэнар прадугледжваў таксама… прэвентыўны ядравы ўдар па Варшаве.

Таямнічыя вучэнні

Лукашэнка падпісаў план правядзення вучэнняў, аднак для грамадскасці ён застаецца пакуль што закрытым. Не ведаюць падрабязнасцяў і нашыя заходнія суседзі: МЗС Латвіі ды Літвы ўжо выказалі спадзяванні на тое, што беларускі бок усё ж паінфармуе суседзяў пра актыўнасць вайскоўцаў.

Пакуль што не вядома і пра колькасць вайскоўцаў, якія возьмуць удзел у вучэннях. Раней міністр абароны Беларусі Юрый Жадобін заяўляў, што з беларускага боку будуць задзейнічаныя як мінімум упраўленне 103-й асобнай мабільнай брыгады і ўзмоцнены батальён гэтага злучэння. Вядома таксама, што на вучэннях маюць «абкатаць» адзінкі расейскай тэхнікі, мадэрнізаванай у Беларусі.

Вайсковы аналітык газеты «Беларусы і рынак» Аляксандр Алесін мяркуе: арганізацыя вучэнняў, падобных да тых, што былі ў 2009 годзе, не мае вайсковага сэнсу. «Войскі Расеі і Беларусі, разам узятыя, цяпер не ў стане сур’ёзна супрацьстаяць войскам НАТО. Калі толькі Расея не прыменіць ядравай зброі, але ў ядравай вайне няма пераможцаў, – зазначае эксперт. – Такія вучэнні не дапамогуць войскам у спраўднай вайне і не напалохаюць НАТО. Іншая справа – намаляваць у вачах уласнага насельніцтва ворага і з’яднаць грамадзянаў вакол дзейнай улады».

Лукашэнка, падпісваючы план вучэнняў, заявіў, што яны будуць мець абарончы характар і «скіраваныя на ўзмацненне бяспекі Саюзнай дзяржавы». Апошні раз гэткія вучэнні супольна з расейцамі праводзіліся ў 2011 годзе. Падчас вучэнняў «Шчыт Саюзу-2011» адпрацоўвалася ў асноўным адбіванне з паветра.

КСАР – «расейскі паліцэйскі»?

«Легенда» вучэнняў «Братэрства-2012»

«У дзяржаве «С», якая – чалец АДКБ, узнікла крызісная сітуацыя, звязаная з дзеяннямі міжнародных экстрэмісцкіх і тэрарыстычных арганізацыяў ды супрацьстаяннем паміж этнічнымі групоўкамі, якія жывуць у дзяржаве. У краіне распачаліся масавыя закалоты, у гарадах адбыліся пагромы гандлёвых комплексаў і крамаў. Прэзідэнт дзяржавы «С» звярнуўся ў Савет калектыўнай бяспекі АДКБ з просьбаю па дапамогу».

У 2011 годзе Лукашэнка заявіў, што Калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання маюць супрацьстаяць спробам пераваротаў у краінах-удзельніцах АДКБ. Аднак Генеральны сакратар АДКБ Мікалай Бардзюжа амаль адразу адрэагаваў: «АДКБ не будзе браць на сябе жандармскіх функцыяў».

Тым не менш у 2012 годзе ў Казахстане з удзелам беларусаў адбыліся вучэнні «Непарушнае братэрства-2012». Задума нядаўніх вучэнняў акурат нагадвае спробу задушэння хваляванняў.

Сёння агульная колькасць Калектыўных сілаў аператыўнага рэагавання складае каля 20 тысяч асобаў з вайсковага кантынгенту і сілаў адмысловага прызначэння. Прыкладна палова кантынгенту – расейцы. Беларусаў у КСАР – каля 2 тыс.

Сучасная зброя ў абмен на лаяльнасць

Лукашэнка неаднаразова падкрэсліваў, што беларускае войска дэ-факта «прыкрывае» Расею на захадзе.

«Мы развіваем рэгіянальную групоўку войскаў Беларусі ды Расеі, аснова якой – беларускае войска. Яе патэнцыял неабходна падтрымліваць на ўзроўні, што забяспечыць адпор любой агрэсіі, адкуль бы яна ні зыходзіла», – заявіў кіраўнік краіны.

Чаго афіцыйны Менск хоча ўзамен? «Ва ўзаемаадносінах Расеі ды Беларусі праз АДКБ мае месца пэўны гандаль: Расея хоча кантраляваць гэтую геапалітычную прастору ў цэнтры Еўропы, што займае Беларусь, але вайсковымі сродкамі яна гэтага зрабіць не можа, – адзначае Аляксандр Алесін. – Адзіная магчымасць – ускосны кантроль, калі Беларусь – хаўруснік для Расеі».

Узамен за хаўрусніцкую лаяльнасць Беларусь атрымлівае сучаснае ўзбраенне расейскай вытворчасці па ільготных коштах ды іншыя прэферэнцыі. Гэтак да канца года Беларусь будзе мець зенітна-ракетны дывізіён, укамплектаваны сучаснымі зенітна-ракетнымі комплексамі «ТОР-М2» па ільготным кошце, а беларускія вайскоўцы бясплатна навучаюцца ў Расеі. Летась у навучальных установах Міністэрства абароны Расеі праходзілі падрыхтаванне больш за 500 беларусаў.

Аднак ці варта ганарыцца такімі прэферэнцыямі? «Бюджэт беларускага войска проста жабрачны. І атрыманне тых жа «ТОР-М2» – гэта спроба прыкрыць з паветра хоць бы галоўныя стратэгічныя аб’екты, у тым ліку і АЭС, якую цяпер будуюць. Узбраенне ў нас савецкае і састарэлае», – канстатуе Аляксандр Алесін.

Зміцер Ягораў, belsat.eu

Стужка навінаў