Пераблытаў Беларусь з Украінаю: Перлы польскага сябра лукашэнкаўцаў


Новы лідар польскай партыі «Самаабарона» («Samoobrona»), якая здаўна сябруе з афіцыйным Менскам, збіраецца вазіць у Польшчу беларускія прадукты, а ў Беларусь – польскую моладзь.

Сёння лідар партыі Лех Курапатвіньскі (Lech Kuropatwiński) ды кіраўнік праўрадавага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Анатоль Радзькоў падпісалі пагадненне аб супрацы. Для пераемніка Анджэя Лепэра (Andrzej Lepper) гэта была нагода наведаць Беларусь.

Лех Курапатвіньскі нарадзіўся ў Горадні ў 1947 годзе. Скончыў вучэльню і працаваў у сельскагаспадарчым кааператыве ў польскім Ковалі (Kowal) – мястэчку з насельніцтвам каля 3 тыс. асобаў. Пасля працаваў у дзяржаўным агенцтве сельскагаспадарчай нерухомасці (Agencja nieruchomości rolnych). Валодаў гаспадаркаю перапрацоўвання мяса, за падробку фінансавых дакументаў у якой пакаралі годам пазбаўлення волі з адтэрмінаваннем і штрафам. З 1970 да 1989 быў сябрам камуністычнай партыі (Polska zjednoczona partia robotnicza). У 2001 годзе трапіў у Сейм ад «Самаабароны», у 2005-м – яго пераабралі.

Курапатвіньскі збіраецца супрацоўнічаць з «Белаю Руссю» ў галіне палітыкі ды эканомікі. У абодвух выпадках гэта будзе найперш «абмен поглядамі». «Самаабарона» збіраецца заахвочваць палякаў «купляць беларускае» і зарганізоўваць паездкі ў межах моладзевага абмену. «Берай Русі» найперш трэба партнёр, які будзе распаўсюджваць на Захадзе неабходную ўладам Беларусі інфармацыю ды аналітыку.

Пасля падпісання дамовы лідэр «Самаабароны» даў інтэрв’ю нашаму тэлеканалу.

Калі людзі хочуць мець дыктатуру, то крытыкаваць іх нельга

Напружанне паміж краінамі лідар «Самаабароны» ўважае непатрэбным: «Мы не павінны крытыкаваць: ці тут ёсць дыктатура, або няма. Бо гэта грамадзянін вырашае, каго хоча мець за кіраўніка».

У Беларусі няма дыктатуры, бо людзі на вуліцах не просяць хлеба

«Не магу сказаць, што ў Беларусі існуе дыктатура, бо не бачу людзей, якія стаяць на вуліцы і просяць хлеба. Дыктатура – гэта крыўджанне людзей. Я не бачыў, каб паліцыя крыўдзіла людзей, каб партыя крыўдзіла людзей».

{movie}Фрагменты інтэрв’ю лідэра “Самаабароны” Леха Курапатвіньскага|right|9395{/movie}

Калі былі б палітвязні, не маўчалі б прафсаюзы

Паводле традыцыі з польскаю «Салідарнасцю», Курапатвіньскі мяркуе: «Калі б у Беларусі былі палітвязні, сітуацыю крытыкавалі б прафсаюзы, а я гэтага не чуў».

Беларусы – праваслаўныя, палякі – …хрысціяне

«Беларусь – гэта праваслаўныя, Польшча – гэта ў большасці хрысціяне, так што давайце адзін аднаго паважаць. А я веру, што такая ўзаемапавага ў будучыні развяжа нашыя праблемы».

Думаем – «Беларусь», гаворым – «Украіна»

«Пачнем супрацоўнічаць у ключы продажу, куплі і абмену, бо гэта будзе служыць як развіццю Польшчы, гэтак і развіццю Украіны. Бо лепш бліжэй набыць сродкі і прадукты, чымся шукаць гэтага далей, можа ў разы даражэйшага. Таму мы схільныя размаўляць з прадстаўнікамі нашага бізнесу, які хацеў бы інвеставаць у Беларусі, каб ён таксама хацеў і купляць у Беларусі прадукты, якіх у Польшчы няма або яны даражэйшыя, каб прадаць нашым грамадзянам танней». Такім быў адказ на пытанне, ці будзе «Самаабарона» спрыяць эканамічнай супрацы паміж дзвюма краінамі.

Аліна Кашкевіч, belsat.eu

Стужка навінаў