Краіна як кінапавільён: самыя вядомыя фільмы, дзе паказваюць Беларусь


Неўзабаве ў Польшчы адбудзецца прэм’ера стужкі «Жыве Беларусь», першага мастацкага фільму пра палітычныя рэаліі краіны. Ён амаль цалкам здымаўся ў Польшчы, бо ў нашай краіне яго рэалізацыя была немагчымаю. Мы ўзгадалі дзесятку замежных і айчынных фільмаў, для якіх Беларусь усё ж такі стала кінапавільёнам.

Цяпер праз бюракратычныя перашкоды галівудскія кінавытворцы адмаўляюцца здымаць свае стужкі ў Беларусі. Яны адмаўляліся ад супрацы нават тады, калі беларускія прыродныя ці архітэктурныя аб’екты былі найлепшым варыянтам. Так здарылася з фільмам «Выклік» («Defiance») пра лёс габрэйскага партызанскага атраду на Беларусі. Камандзе было прасцей зняць яго ля беларускай мяжы на тэрыторыі Літвы, узяўшы ў масоўку беларускіх студэнтаў з ЕГУ.

Фільмы Мэнагэма Галяна

Не адзін фільм зняў у Беларусі вядомы галівудскі рэжысёр Мэнагэм Галян. Да таго моманту, як заходнім кінавытворцам стала складана дамаўляцца наконт супрацы з нацыянальнаю кінастудыяй, Галян паспеў зняць у Менску тры кінастужкі: «Маскоўская сувязь» (1995), «Супермазгі» (1995) і «Шлях да славы» (1997).

Расея

«Каменская»

Рэж. Юрый Мароз, 1999–2011 гады, Расея.
“Каменская”. У вакне – Менск, вул. Леніна


Запомніліся менчукам і доўгатэрміновыя здымкі папулярнага расейскага тэлесерыялу «Каменская». З прычыны нізкіх коштаў серыял амаль цалкам здымаўся ў Менску, на экстэр’ерных ды інтэр’ерных здымкавых пляцоўках.

«Стылягі»

Рэж. Валеры Тадароўскі, 2008 год, Расея.
“Стылягі”: менскі ГУМ

“Стылягі”: Менск, вул. Кастрычніцкая

“Стылягі”: Менск, Маскоўскія могілкі

Адзін з найбольш відовішчных і яскравых расейскіх фільмаў апошніх гадоў. Значная частка здымак адбывалася ў Менску, бо ягоныя вуліцы больш адпавядалі атмасферы Масквы 50-х гадоў, чым уласна сённяшняя Масква. Здымкаваю пляцоўкаю служылі праспект Незалежнасці, вуліца Леніна, забудова пры гарнізоне і нават Маскоўскія могілкі. Для праўдападобнасці на праспект з музею прывезлі першы менскі тралейбус.

«Слон»

Рэж. Уладзімір Карабанаў, 2010 год, Расея.
Здымкі Здымкі “Слана” пад Менскам

Добрасардэчнае кіно з эксцэнтрычным Сяргеем Шнуром у галоўнай ролі таксама паўставала ў беларускай сталіцы і яе ваколіцах. Падчас здымак беларусы пабачылі сланоў, якія разгульвалі проста па вуліцах.

«Дзякуй, што жывы»

Рэж. Пётр Буслоў, 2011 год, Расея.
“Дзякуй, што жывы”: берасцейскі аэрапорт

Нашумелы фільм, прысвечаны апошнім гадам жыцця Уладзіміра Высоцкага, часткова здымаўся ў Берасці. Толькі там кіношнікі адшукалі аэрапорт, аўтэнтычны эпосе 70-х. Здымкавая група цалкам абышлася без рэканструкцыяў, апроч надпісаў і таблічак. Нам жа застаецца задумацца: гэта нагода ганарыцца такім лётным заказнікам або пасаромецца, што мы ўсцяж карыстаемся аэрапортам, які не рамантаваўся 40 гадоў.

Беларусь

«Праз могілкі»

Рэж. Віктар Тураў, 1965 год, Беларусь.
Кадр з фільму Кадр з фільму “Праз могілкі”. Фота kinopoisk.ru

Гэтае кіно не такое вядомае, як дзіцячыя кінатворы беларускай кінастудыі або тыя ж «Белыя Росы», аднак у кантэксце сусветнага мастацтва яно вартае значна большай увагі. У 1994 годзе ЮНЭСКО ўнёс «Праз могілкі» ў сотню самых лепшых фільмаў свету. Рэчаісным бокам метафарычнай назвы сталі старажытныя могілкі ў Наваградку і склеп Святаполк-Мірскіх ля Мірскага замку, дзе адбываліся здымкі.

«Каханая»

Рэж. Рычард Віктараў, 1965 год, Беларусь.
Хоць фільм не замацаваўся ў якасці шэдэўру савецкай кінематаграфіі, шмат хто з крытыкаў адзначае яго нетыповую, эксперыментальную натуру, блізкую да еўрапейскага неарэалізму ў кіно. Што каштоўнае для гісторыкаў і даследчыкаў, стужка зафіксавала ўнікальныя здымкі Менску ў разгары будоўлі. Мы бачым «свежы» праспект Незалежнасці (тады Леніна), адбудаваны стадыён «Дынама», узвядзенне Дому афіцэраў, Палацу спорту ды інш.

«Руіны страляюць»

Рэж. Віталь Чацверыкоў, 1970–1972 гады, Беларусь.
“Руіны страляюць”: панарама Менску з Чырвоным касцёлам

Шматсерыйны фільм распавядае пра змаганне менскіх падпольшчыкаў у часе вайны. Карціна захавала ў сабе мноства дакументальных кадраў ваеннага Менску, што робіць гэты фільм гістарычна каштоўным.

«Белыя Росы»

Рэж. Ігар Дабралюбаў, 1983 год, Беларусь.
Кадр з фільму Кадр з фільму “Белыя Росы”: Горадня, вул. Савецкая

“Белыя росы”: шыльда з памылкаю

«Белыя Росы» ўвайшлі ў класіку не толькі беларускага кіно, але і набылі славу аднаго з улюбёных савецкіх фільмаў увогуле. Здымкі праходзілі ў цэнтры Горадні, а таксама ў новых на той час мікрараёнах – Пярэселка і Дзевятоўка.

«Сляды апосталаў»

Рэж. Сяргей Талыбаў. Выхад запланаваны на травень 2013 года. Беларусь.
Здымкі Здымкі “Слядоў апосталаў” у менскай кавярні “Грюнвальд”

Тая самая кавярня. Фота belsat.euТая самая кавярня. Фота belsat.eu

Нямала здзіўлення выклікалі ў менчукоў жаўнеры ў форме СС і сцягі са свастыкаю на цэнтральных вуліцах. Насамрэч, горад-герой улетку 2012 года стаў пляцоўкаю здымкаў вострасюжэтнага айчыннага фільму.

Настасся Яўмен, АК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары