Бард Андрэй Мельнікаў прэзентаваў альбом "Зубы на далоні"


“Зубы на далоні” – знак паразы перад мацнейшым супернікам ці сведчанне нязломнасці? Аднайменны альбом, прысвечаны падзеям паслявыбарчага вечара 19 снежня 2010 года ў Менску, прэзентаваў сваім слухачам аршанска-гомельскі бард Андрэй Мельнікаў.

Дзень, а дакладней крывавы вечар 19 снежня 2010 года, для шмат каго з беларусаў стаўся пераломным і незабыўным. Не вынятак тут і аршанскі бард Андрэй Мельнікаў, які апошнія два гады працаваў над сваім новым альбомам “Зубы на далоні”.

“Дарагія мне людзі сядзяць дагэтуль, застаюцца ў зняволенні. Па ідэі, сядзець мог бы і я, калі б праявіў большую актыўнасць у гэтых справах. У мяне ёсць пэўная пазыка перад гэтымі людзьмі, якія сядзяць, якія апынуліся ў эміграцыі, якія не могуць вярнуцца ў Беларусь, – а я жыву ў Беларусі досыць камфортна”, – тлумачыць Андрэй Мельнікаў.

{movie}Зубаты і без зубоў (Аб’ектыў)|right|9385{/movie}Адмыслова для вокладкі свайго – ужо 21-га – альбому бард сфатаграфаваўся хай і з бяззубаю, але шчыраю ўсмешкаю. Назву ж музычнаму праекту падказаў, аднак, не вядомы раман земляка Івана Шамякіна, а цалкам рэальная гісторыя – з таго самага крывавага вечара.

“Быў чалавек, скажам, падобны на мяне, які 19 снежня стаяў ля Чырвонага касцёлу з абразам святога Мікалая. І, у адрозненне ад мяне, які тады зваліў з Плошчы, ён адтуль не зваліў. У выніку, яму выламалі сківіцу. АМАП выламаў яму сківіцу і патаптаў абраз святога Мікалая. Роўна праз паўтара года ў мяне пасыпаліся зубы – на Святога Міколу. То бок была мне нагадка: вось ты нешта вінен”, – угадвае музыка.

Нічога страшнага ў выпаданні зубоў не бачыць і музычны крытык Вітаўт Мартыненка: з 25 песень у альбоме 20 – абсалютна новыя, а гэта азначае, што айчынная бардаўская класіка і сёння жывейшая за ўсіх жывых. І ўсцяж – актуальная і далёка не бяззубая.

Акрамя ўласных словаў бяззуба-зубаты Мельнікаў перапявае і Караткевіча, Мілаша, Міцкевіча, у творах якіх Беларусь таксама паўставала адрозная ад афіцыйна дазволенага вобразу.

“Альбом выходзіў у Беларусі. І я хачу сказаць, што на сённяшні дзень вельмі шмат карысных праектаў выходзяць менавіта тут, у нас, але не пазначаюцца месцы выдання. Гэта звязана найперш з тым, што афіцыйна некаторыя з трэкаў выклікалі б шмат пытанняў у гэтак званай цэнзуры”, – зазначыў менеджар праекту Алесь Мазанік.

Валеры Руселік, “Аб’ектыў”, АК, belsat.eu

Стужка навінаў