Украіна на скрыжаванні: Масква ці Брусель?


На Захад ці на Усход: якім шляхам пайсці Украіне? Гэта галоўнае пытанне на сённяшнім саміце Украіна–Еўразвяз у Бруселі. Чакаецца, што на паседжанні Кіеў акрэсліць сваю афіцыйную пазіцыю, што дапаможа стаць дзяржаве найбліжэйшым партнёрам Аб’яднанай Еўропы на Усходзе. Разам з гэтым, еўрадэпутаты падкрэсліваюць, што супраца магчымая толькі праз палітычныя рэформы: гаворка ідзецца пра змены ў выбарчым заканадаўстве і выпраўленне сітуацыі з правамі чалавека.

{movie}Вольга Паповіч у “Гарачым каментары”|right|9373{/movie}

Украінскі палітолаг Вольга Паповіч мяркуе, што палітыкі шматвектарнасці, падобна той, якую вёў афіцыйны Менск у 2008–2009 гадах, у выпадку Украіны не будзе. Януковіч хоць і кажа пра імкненне да супрацы з абодвума бакамі, сённяшнія дачыненні з Мытным Саюзам не прадугледжваюць плённых узаемадачыненняў.

«У Лукашэнкі не было столькі алігархаў, колькі ёсць у Януковіча. Я б не сказала, што штосьці сёння змянілася. Я б назвала гэтыя перамовы «замарожанаю стабільнасцю». Еўразвяз пачуў тое, што хацеў пачуць: Украіна не закрываецца на Еўропу, імкнецца да супрацы і гэтак далей», – зазначае спадарыня Паповіч.

Канкрэтных заяваў на саміце не прагучала, аднак цяжка было іх чакаць – Еўразвяз настойвае на канкрэтных дзеяннях, а не на абяцаннях. Адное з такіх дзеянняў – спыненне судовага пераследу Юліі Цімашэнкі і вызваленне былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Луцэнкі. Аднак замест гэтага супраць экс-прэм’ера завялі чарговую крымінальную справу.

«Паводле звестак украінскіх сацыяльных апытанняў, невялікая большасць украінцаў – 52–56 % хацелі б уваходу Украіны ў еўразону, а рэшта хоча быць у абодвух месцах – як у Еўразвязе, гэтак і ў саюзе з Расеяй. Калі ж казаць пра Януковіча – гэта не прарасейскі палітык. Гэта палітык, які дбае перадусім пра свае асабістыя інтарэсы. Ментальна ён – савецкі чалавек, таму яму проста лягчэй весці справы з Расеяй» – мяркуе адмыслоўца.

Гэта не значыць, што Украіна цалкам павярнулася ў бок Крамля, але калі Еўразвяз не запрапануе чагосьці ўзамен, Кіеў можа проста не мець іншага выйсця.

У.Ш., belsat.eu

Стужка навінаў