Неанацыста Марцінкевіча вызвалілі разам з сябрамі-беларусамі


Максіма Марцінкевіча на мянушку Цясак, а таксама дваіх ягоных сяброў, грамадзянаў Беларусі адпусцілі з ізалятару часовага ўтрымання пад абавязальніцтва з’явіцца.



Расейскі неанацыст застаецца падазраваным у справе аб асабліва зацятым хуліганстве ў Менску, абвінавачанне яму пакуль не прад’яўлялася. Начальнік аддзелу інфармацыі ды сувязі з грамадскасцю Следчага камітэту Беларусі Павел Траулька паведаміў, што Марцінкевіч абавязаны з’явіцца на першы выклік следчых органаў. Сам падазраваны заявіў, што да заканчэння следства будзе на тэрыторыі Беларусі.

Неанацыст Максім Марцінкевіч афіцыйна прыехаў у Беларусь, каб палячыць зрок. Проста у двары менскай клінікі «Новы зрок» 14 лютага расейскі скінгэд разам са сваймі беларускімі паплечнікамі 1974 і 1990 гадоў нараджэння ўчыніў жорсткую бойку з іншымі беларусамі. Толькі бойкаю справа не скончылася, Цясак прымяніў газавы пісталет, у выніку адзін з беларусаў быў паранены.

{movie}Архіўны матэрыял “Белсату” пра Марцінкевіча|right|9365{/movie}

Паводле факту зацятага хуліганства з ужываннем зброі Цесака і ягоных сяброў затрымалі. У іх сканфіскавалі два нажы і газавы пісталет «Удар-2М» (прылада дазаванага аэразольнага распылення), які – сродак для самаабароны. Прызначаныя экспертызы мусяць даць адказы на пытанні, ці нажы – гэта халодная зброя і ці быў дзеяздольным пісталет.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, поруч з Марцінкевічам яшчэ адзін падазраваны – ураджэнец Беларусі Сяргей Кароткіх на мянушку Малюта. Нібыта менавіта ён параніў нажом аднаго з пацярпелых.

Расейскі неанацыст Цясак – экс-лідар забароненага экстрэмісцкага аб’яднання «Фармат-18». Вядомы сваймі расісцкімі выказваннямі, Марцінкевіч здымаў ролікі, у якіх прапагандаваў нянавісць да чарнаскурых і антыфашыстаў. За «распальванне нянавісці паводле нацыянальнай ці рэлігійнай прыкметы» ён ужо адседзеў у турме 3 з паловаю гады.

Цясак мае беларускія карані ды рэгулярна прыязджае ў нашую краіну.

М.Я., belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў