Крытыкі назвалі сёлетняга «Оскара» самым непрадказальным за апошнія гады


Прэмію амерыканскай Акадэміі кінамастацтваў за найлепшы фільм атрымаў палітычны трылер «Аперацыя «Арго» з Бэнам Эфлекам (Ben Affleck) у галоўнай ролі.

Асноўнаю інтрыгаю сёлетняга «Оскара» было суперніцтва «Аперацыі «Арго» і «Лінкальна». У колькасці намінацыяў лідарам стала біяграфічная драма Стывэна Спілбэрга «Лінкальн», якую вылучалі на прэмію ў 12 катэгорыях.

На тытул найлепшага фільму таксама прэтэндавалі стужка «Жыццё Пі» , фантастычная драма «Звяры дзікага Поўдню», «Каханне» Міхаэля Ганэке, «Мэта нумар адзін» Кэтрын Бігелаў, спагеці-вестэрн Кўэнтына Тарантына «Джанга вызвалены», мюзікл «Адрынутыя» Тома Гупэра, а таксама карціна «Мой хлопец – псіх».

Узгароду, аднак, атрымала заснаваная на рэальных падзеях «Аперацыя «Арго». Фільм распавядае пра выратаванне шасцёх амерыканцаў, які схаваліся ў канадскай амбасадзе ў Тэгеране падчас ісламскай рэвалюцыі 1979 года. Стужка атрымала яшчэ дзве статуэткі ў намінацыях «Найлепшы мантаж» і «Найлепшы адаптаваны сцэнар».

Статуэтку ў намінацыі «Найлепшы рэжысёр» на цырымоніі атрымаў тайваньскі рэжысёр Энґ Лі, які зняў прыгодніцкую драму «Жыццё Пі». Лі заявіў: «Дзякуй богу кіно! Я гэтым падзялюся з усімі трыма тысячамі людзей, якія працавалі над «Жыццём Пі».

Тройчы оскараносец

Найлепшым акторам кінаакадэмія прызнала Дэньела Дэй-Льюіса, які выканаў галоўную ролю ў «Лінкальне». Дэй-Льюіс стаў першым акторам у гісторыі ўзнагародаў, які атрымаў «Оскара» тройчы. Раней англічанін атрымліваў статуэткі за ролі ў фільмах «Мая левая нага» і «Нафта».

На перамогу ў катэгорыі «Найлепшы актор» былі таксама намінаваныя Брэдлі Купэр (Bradley Cooper) («Мой хлопец – псіх»), Хаакін Фінікс (Joaquin Phoenix) («Майстар»), Дэнзэл Ўошынгтан (Denzel Washington) («Экіпаж» ) і Г’ю Джэкмэн (Hugh Jackman) («Адрынутыя»).

«Оскар» за найлепшую жаночую ролю атрымала 24-гадовая Джэніфэр Лорэнс (Jennifer Lawrence) («Мой хлопец – псіх»). Акторка так хвалявалася, што падчас узыходу на сцэну па ўзнагароду павалілася на прыступках.

Фаварытам на атрыманне статуэткі ў катэгорыі «Найлепшая акторка» лічылася Джэсіка Чэстэйн (Jessica Chastain), якая заграла агентку ЦРУ, што высочвае Усаму бін Ладэна ў фільме «Мэта нумар адзін». Сама акторка, праўда, у свой поспех не верыла. «Сёння вечарам я не атрымаю «Оскара». Мне проста здаецца, гэта не мой год», – зазначыла сама Чэстэйн у адным з інтэрв’ю перад уручэннем кінапрэміі.

На статуэтку прэтэндавалі таксама Эманюэль Рыва (Emmanuelle Riva) («Каханне»), Кўэвэнжанэй Ўоліс (Quvenzhané Wallis) («Звяры дзікага Поўдню») і Наёўмі Ўотс (Naomi Watts) («Немагчымае», The Impossible).

«Оскар» узгадаў Джэймза Бонда

Арганізатары цырымоніі «Оскар» асабліва адзначылі паўвекавы юбілей з’яўлення фільмаў пра легендарнага спецагента Джэймза Бонда. Апошні фільм «бандыяны» – «Каардынаты: Skyfall» – сабраў у сусветным пракаце больш за $ 1 млрд.

«Оскара» за найлепшую песню атрымала спявачка Адэль за кампазіцыю «Skyfall», якая прагучала ў апошнім фільме пра Джэймза Бонда.

Усяго ўзнагароды прысудзілі ў 24 катэгорыях. Найлепшымі акторамі другога плану прызналі Крыстафа Вальца (Christoph Waltz) («Джанга вызвалены») і Эн Гэтаўэй (Anne Hathaway) («Адрынутыя»). Апошняя кінаверсія слыннага рыману Льва Талстога «Анна Карэніна» атрымала «Оскара» за найлепшы дызайн касцюмаў.

{movie}Трэйлер фільму “Аперацыя “Арго”|right|9362{/movie}

{movie}”Лінкальн”. Беларускі трэйлер|right|9363{/movie}

{movie}”Адрынутыя”. Беларускі трэйлер|right|9364{/movie}

М.Я., belsat.eu, паводле «Бі-бі-сі»

Стужка навінаў