Заснавальнік tut.by пакуль не вырашыў, ці падаваць на Наталлю Радзіну ў суд


Калі Юрый Зісер падасць на мяне ў суд, я таксама складу на яго пазоў – заявіла рэдактарка апазіцыйнага сайту charter97.org Наталля Радзіна.

На думку апазіцыянеркі, заснавальнік парталу tut.by не ёсць самастойнаю асобаю і будзе дзеяць так, як яму загадаюць спецслужбы. “Ён раскрыў сябе рэакцыяй на мой выступ на канферэнцыі ў Вене, калі заявіў, што пасадзіць мяне і што я магу не вяртацца ў Беларусь”, – сказала Радзіна.

На канферэнцыю АБСЕ, прысвечаную інтэрнэту, Зісер трапіў паводле рэкамендацыі беларускага Міністэрства замежных справаў, лічыць рэдактарка апазіцыйнага інтэрнэт-рэсурсу. Яна адзначыла, што Зісер падчас імпрэзы ўвесь час быў побач з афіцыйным прадстаўніком уладаў Беларусі. Пытанне Зісера, адрасаванае гэтаму прадстаўніку, чаму блакуюцца сайты “Хартыі-97” і “Беларускага партызана”, Радзіна назвала спектаклем.

Падчас канферэнцыі АБСЕ ў Вене апазіцыйная дзяячка публічна абвінаваціла Зісера ў карупцыі. Рэдактарка “Хартыі-97” заявіла, што ўладальнік найбуйнейшай хостынгавай кампаніі ў Беларусі Юрый Зісер дамовіўся з уладамі ды атрымлівае звышпрыбыткі на падставе дзяржаўнага ўказу № 60, згодна з якім сайты юрыдычных асобаў і прадпрымальнікаў мусяць размяшчацца на сэрверах у Беларусі. Наўзамен Зісер, паводле Радзінай, заяўляе, што ўказ аб цэнзуры інтэрнэту быў прыняты пры кансультацыі з грамадзянскаю супольнасцю.

Юрый Зісер назваў заяву Наталлі Радзінай паклёпам і знявагаю гонару. Заснавальнік tut.by намерваўся нават падаць у суд Вены на апазіцыянерку.

Тамтэйшы суд ужо дакладна будзе незалежны і прысудзіць тое, што трэба”, – патлумачыў свой намер Зісер, звярнуўшы ўвагу на тое, што беларускі суд шмат хто палічыў бы перадузятым: маўляў, улады распраўляюцца з незалежным журналістам.

Цяпер бізнесовец аднак заяўляе, што ўзяў паўзу ў сувязі з магчымым выстаўленнем судовага пазову да Радзінай: “Я насамрэч яшчэ не вырашыў. Пабачым, як будзе развівацца сітуацыя. Пакуль буду назіраць”. Пры гэтым Зісер дадаў, што калі сітуацыя са знявагаю ягонага гонару, годнасці ды дзелавой рэпутацыі будзе працягвацца, то судовы пазоў ён усё-такі падасць.

М.Я., belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў