Як жывуць беларусы ў Парыжы: віяланчэліст Дзіма Цыпкін


Віяланчэліст Дзіма Цыпкін (Dima Tsypkin) выступае з канцэртамі па ўсёй Еўропе, дае прыватныя ўрокі, стварае музыку для фільмаў і мульцікаў. Па-беларуску размаўляе з французскім акцэнтам.

Сюжэт пра вядомага музыку зрабіў карэспандэнт «Белсату» Алесь Сіліч для праграмы «ПраСвет», якая выходзіць на канале штопятніцу а 20:30. Паглядзець яе можна і на белсатаўскай старонцы ў раздзеле «Нашыя праграмы».

За дзевяць гадоў Парыж паспеў стаць для былога менчука другою радзімаю. Пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі Дзіма Цыпкін пастанавіў працягнуць адукацыю ў Парыжскай, у вядомага віяланчэліста Марка Капэ (Marc Coppey).

{movie}Беларусы ў Парыжы: віяланчэліст Дзіма Цыпкін (Dima Tsypkin)|right|9342{/movie}Дзіма кажа, што тэмбр менавіта віяланчэлі «стварае ў душы сапраўднае свята». 33-гадовы музыка лічыць творчасць галоўнаю матывацыяй, галоўным натхненнем у жыцці: «Музыка – гэта тое, што застаецца назаўжды. У жыцці многае змяняецца. Можа змяніцца краіна, можа змяніцца сяброўка, а музыка застаецца назаўжды».

Беларускі віяланчэліст гастралюе ў Францыі, Нідэрландах і Нямеччыне. Яго бянтэжыць толькі тое, што слухачы з кожным годам робяцца старэйшымі. Мо таму сам ён хоча, каб яго звалі менавіта Дзіма: «Не хачу быць Дзмітрыем, таму што можа крыху баюся старэць. Па-другое, Дзіма асацыюецца з dimanche [па-французску – нядзеля, выходны дзень]».

Нядаўна “Белсат” рабіў сюжэт пра яшчэ адну беларускую музыку – гітарыстку Наталлю Ліпніцкую – якая таксама месцам свайго жыхарства абрала Парыж.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў