Актывіста з “Граніту” могуць звольніць за кабель, які ляжаў неадпаведна


Дзеячу суполкі незалежнага прафсаюзу Леаніду Дубаносаву на прадпрыемстве «Граніт» у Мікашэвічах пагражае звальненне. За дзень да ягонага экскаватара двойчы прыходзіла камісія, каб знайсці парушэнні працы.

Пра гэта спадар Дубаносаў паведаміў «Белсату» пасля таго, як яго змусілі напісаць тлумачальныя пра парушэнні на працы: «За дзень 2 тлумачальныя напісаў. Адной, відаць, мала, каб звольніць… Сутнасць якая: начальнік гранітнага кар’еру Юрый Сушко ўжо паўгода мне казаў, што калі не выйду з незалежнага прафсаюзу, то мяне звольняць. Так проста і казаў, толькі прасіў, каб нікому не распавядаў, маўляў, каб даў дапрацаваць да пенсіі…».

Кантракт у прафсаюзнага актывіста сканчаецца 2 траўня. За месяц яму мусяць паведаміць, ці працягнуць яго. Цяпер жа спадар Дубаносаў сыходзіць у адпачынак, таму, на ягоную думку, начальства паспяшалася напісаць яму спагнанні, каб было за што не працягнуць кантракт. “Проста на «Граніце» кантракт аўтаматычна працягваецца, калі няма спагнанняў. У мяне іх ніколі і не было, а тут напісалі аж два за дзень…», – сказаў дзеяч.

Леанід Дубаносаў працуе на прадпрыемстве памочнікам экскаватарніка ўжо каля 20 гадоў. За дзень да ягонага экскаватара двойчы прыходзіла камісія, каб знайсці парушэнні працы. Працаўнік кажа, што адным з парушэнняў быў кабель, які ляжаў няправільна: «Кабель не так ляжаў… Тут, бывае, людзей нецвярозымі ловяць – і нічога, праходзіць: пасварацца – і далей працуе… Калі яшчэ не было незалежнага прафсаюзу, то на такія дробязі і не звярталі ўвагі. А цяпер, калі я не хачу пакідаць свайго прафсаюзу, то і шукаюць зачэпкі, каб звольніць».

Спадар Дубаносаў зазначае: не гледзячы на пагрозу звальнення, ён не збіраецца выходзіць з незалежнага прафсаюзу: «Гэта маё канстытуцыйнае права. І я не збіраюся адступацца». Ён ды іншыя сябры прафсаюзу адназначна мяркуюць, што справа ідзе да звальнення. Кіраўнік суполкі прафзвязу Алег Стахаевіч кажа, што спадару Дубаносава максімальна падтрымаюць у барацьбе за ягоныя правы: «Леанід – вельмі актыўны сябра прафсаюзу. Ён добрасумленны працаўнік, таму мы разумеем, што справу яму проста «шыюць». Мы сочым за тым, як развіваецца гэтая сітуацыя, і будзем адстойваць права на працу Леаніда Дубаносава ўсімі магчымымі спосабамі».

Пратэст на «Граніце» пачаўся ў канцы 2011 года. Колькі соцень рабочых выйшлі з афіцыйнага прафсаюзу і стварылі суполку незалежнага прафесійнага звязу. Яны зрабілі гэта, пратэстуючы супраць нізкіх заробкаў і хамства адміністрацыі прадпрыемства. Адразу ж на сябраў суполкі пачаўся ціск. Колькі асобаў, разам з кіраўніком суполкі Алегам Стахаевічам звольнілі, на астатніх пачалі ціснуць, каб пакінулі незалежны прафсаюз. На прадпрыемства сталі прыязджаць высокія чыноўнікі, каб улагодзіць сітуацыю. Заробак на прадпрыемстве вырас з 3–4 да 15 млн рублёў.

Сітуацыя на прадпрыемстве выклікала міжнародны розгалас. У падтрыманне незалежнага прафсаюзу выказваліся Міжнародная арганізацыя працы, канфедэрацыі прафсаюзаў Еўропы і Расеі, нават прафсаюзы Венесуэлы накіравалі лісты уладам Беларусі з заклікам спыніць уціск рабочых «Граніту».

“Белсат” прысвяціў змаганню рабочых “Граніту” адмысловы рэпартаж «Людзі з граніту», які даступны ў фільматэцы тэлеканалу.

Кастусь Будчак, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары