Захад ці ўсход? Беларусь зноў на геапалітычных арэлях


Калі пагаршаецца ўнутраная сітуацыя і дачыненні з Масквою, афіцыйны Менск спрабуе шукаць паратунку на Захадзе. І прыём гэты раней працаваў. Але цяпер сітуацыя іншая: замоцна раздражняць Крэмль небяспечна, а Еўразвяз пойдзе на дыялог толькі пры значных саступках з боку ўладаў Беларусі. Якія ж манеўры зробіць афіцыйны Менск?

Палітолагі звярнулі ўвагу: а ці слушна ў кіраўніка спецслужбы, а не міністра замежных справаў, распытваць пра дыпламатыю?

{movie}Зноў геапалітычныя арэлі|right|9341{/movie}

АЛЕСЬ ЛАГВІНЕЦ, ПАЛІТОЛАГ:

“Лукашэнка паставіў на тое, што ён хоча атрымаць нейкі прарыў у стасунках з Захадам і паказаць поспех гэтага менавіта Маскве”.

А на Крэмль, звяртаюць увагу беларускія медыі, Лукашэнка пакрыўдзіўся. Больш за тыдзень кіраўнік Беларусі быў з “працоўным” візітам у Сочы. Дзяржаўныя медыі паведамлялі пра запланаваную сустрэчу Лукашэнкі з Пуціным. Але прэзідэнт Расеі так і не прыехаў. Лукашэнка вярнуўся з нічым…

АНДРЭЙ СУЗДАЛЬЦАЎ, ПАЛІТОЛАГ:

“Ён спадзяецца правесці ўдарна мадэрнізацыю. Ехаў па грошы. І разлічваў, што ўдасца выцягнуць з Расеі 3–3,5, а то і 4 мільярды долараў”.

А па вяртанні ў Менск і ўзнікла раптоўная зацікаўленасць заходнім вектарам палітыкі. Мала таго, падчас сустрэчы з прэм’ер-міністрам краіны Міхаілам Мясніковічам з вуснаў апошняга прагучала незадаволенасць “аднабаковымі рашэннямі партнёраў з Мытнага саюзу, якія вядуць да разбурэння агульнага рынку”. Праўда, чыноўнік не канкрэтызаваў сутнасці прэтэнзіі.

АЛЕСЬ ЛАГВІНЕЦ, ПАЛІТОЛАГ:

“Мытны саюз – гэта расейская арганізацыя, дзе Расея дамінуе і дыктуе сваю волю. Таму выказваць такія нібыта пярэчанні з боку беларускага прэм’ера – гэта PR-ход, і не больш за тое”.

І гэта нагадвае гульню, мяркуюць палітолагі. Афіцыйны Менск чарговы раз спрабуе разгайдаць геапалітычныя арэлі паміж Бруселем і Масквою. Прыём не новы. Ды і на Крэмль асаблівага ўражання ўжо не робіць.

АНДРЭЙ СУЗДАЛЬЦАЎ, ПАЛІТОЛАГ:

“З Масквы цудоўна відаць манеўры афіцыйнага Менску на замежнай арэне. Калі б так усё добра было з дыялогам з Захадам, то навошта Уладзіміру Макею рабіць парадныя сустрэчы з амбасадарамі? Лукашэнка ўжо даўно ў Расеі, супакойцеся!”

І веданне гэтага дазваляе Маскве спакойна ставіцца да палітыкі свайго непаслядоўнага хаўрусніка. А пры нагодзе і націснуць. Літаральна пасля зацікаўлення Аляксандра Лукашэнкі наладжваннем стасункаў з Захадам кіраўніцтва Еўразійскага банку развіцця паведаміла, што Менск можа не атрымаць шостага траншу крэдыту ЕўрАзЭС. У Бруселі са свайго боку падкрэсліваюць, што дыялог магчымы, але…

ЮСТАС ПАЛЯЦКІС, ДЭПУТАТ ЕЎРАПАРЛАМЕНТУ:

“Беларускаму боку трэба будзе выканаць некаторыя ўмовы, а перадусім – вызваленне палітвязняў”.

Такім чынам і прасторы, і часу для разгойдвання геапалітычных арэляў у афіцыйнага Менску засталося зусім не шмат.

Сяргей Скулавец, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў